Лес — не толькі ўчастак зямлі з дрэвамі, гэта цэлая экасістэма, якая ўздзейнічае і на жыццё людзей у тым ліку. Натуральна, асноўная задача лясной гаспадаркі — аднаўляць дзяржлесфонд, берагчы і ахоўваць яго. Асабліва ад агню.
У першую чаргу тушэннем пажараў займаецца райаддзел па надзвычайных сітуацыях, але лясныя ўзгаранні — справа асаблівая. Таму і створана ў мясцовым лясгасе спецыяльная структура — пажарна-хімічная станцыя ІІ тыпу. Гэта значыць найбольш аснашчаная рознымі прыладамі і абсталяваннем.
Лясное відэа
У яшчэ не зусім далёкім мінулым за станам насаджэнняў елак, сосен, бяроз, дубоў і г.д. прыходзілася бесперапынна назіраць ледзь не з вышыні птушынага палёту. Для гэтага ў кожным лясніцтве і зараз існуюць спецыяльныя пажарна-назіральныя вышкі ў некалькі дзясяткаў метраў, і камусьці з работнікаў трэба было рэгулярна сядзець наверсе і паглядаць на лес. Але такая праца, акрамя таго, што патрабуе выдатнага здароўя, яшчэ і даволі небяспечная, таму на дапамогу прыйшоў прагрэс.
Каля 8 гадоў таму ў раёне ўпершыню пачалі здымаць лясное відэа — усталявалі 3 сістэмы відэаназірання на пажарных вышках. Сёння ў рэжыме рэальнага часу — з зямлі! — свае тэрыторыі кантралююць ужо Дрычынскае, Дараганаўскае, Каранскае, Цэльскае, Татаркаўскае, Брыцалавіцкае і Акцябрскае лясніцтвы, а таксама лясгас. I ўсё, што бачыць новы “назіральнік”, запісваецца.
Аўтару давялося паназіраць, як працуе камера на вышцы ў горадзе. Мясцовым жыхарам няцяжка ўявіць адлегласць ад лясгаса да млынкамбіната. Дык вось відэакамера дазваляе анлайн, з дапамогай толькі манітора і спецыяльнага джойсціка даволі добра разгледзець пажарную лесвіцу на сцяне элеватара Асіповіцкага ПУ ААТ “БКХП”. Ураджвае? 36-разовае павелічэнне як-ніяк. Калі ж заўважаюць задымленне, то, выкарыстоўваючы камеры-“суседзі” і спецыяльную карту, можна без праблем знайсці патрэбную кропку ў лесе.
— Сучасныя тэхналогіі сапраўды дапамагаюць у працы, — расказвае вядучы інжынер лясгаса Генадзь Заяц. — Хоць на ўсталяванне сістэмы відэаназірання патрацілі немалыя грошы, але эфект ёсць. Маем магчымасць аператыўна вызначыць месца ўзгарання, як мага хутчэй яго ліквідаваць. У будучым плануем зрабіць своеасаблівы цэнтр назірання на базе лясгасу: “карцінка” з усіх камер бу-дзе паступаць непасрэдна да нас, а не да аператараў у лясніцтвах. Гэта павінна яшчэ больш павысіць эфектыўнасць працы.
У лес — на танку!
Відэакамеры — вочы лясгаса і лясніцтваў, але толькі імі не абысціся. У так званым “храме” пажарнай бяспекі — непасрэдна будынку ПХС — ёсць усё патрэбнае ў адпаведнасці са спецыяльным мінімальным пералікам і нават болей таго. Выгляд у пажарных рукавоў, ранцаў і іншых прыстасаванняў як новы, бо гэты запас — на крайні выпадак, а для паўсядзённага выкарыстання існуе аналагічны набор неабходнага.
— Шмат чаго ў плане вопыту запазычылі пасля маштабных лясных пажараў у 2015 годзе. Здаецца, і былі гатовыя, але ўсяго не прадугледзіш, — расказвае Генадзь Міхайлавіч. — Зараз усё ўлічылі, штосьці дакупілі. Мабыць, у некаторых момантах і РАНС абагналі, улічваючы нашу спецыфіку.
Але ж якое тушэнне пажараў без спецаўтамабіляў? Іх тут таксама цэлы аўтапарк.
— Вось ЗIЛ-131 з цыстэрнай — у нас такіх чатыры і яшчэ адзін на Дрычынскім посце. На кожным мотапомпа, за раз машына можа перавезці амаль 3 тоны вады і падаць яе дзесьці на 600 метраў, — пачынае “экскурсію” па шэрагу пажарных аўто вадзіцель Руслан Парфяновіч. — Можна заглушыць матор і працаваць — і ў гэтым значнае адрозненне ад вунь той сапраўднай пажарнай машыны ЗIЛ-130, якую бязвыплатна перадаў нам РАНС. Але ж у яе больш функцыянальных магчымасцей. Карацей кажучы, трэба глядзець па сітуацыі.
— У бліжэйшы час давядзем гэты аўтамабіль да ладу — і будзе выдатна. Планую яго як машыну першага рэагавання выкарыстоўваць, — падхоплівае Генадзь Заяц. — А вось што сапраўды наш гонар, дык гэта пажарныя танкі. У нас іх зараз два. Лёгкі — ГТ-МУ — пабываў яшчэ ў баях у Афганістане, вунь нават сляды ад куль. На ім дзве ёмкасці па паўтоны. Гэты танк — сапраўдны снегабалотаход, мае высокую праходнасць. А вось на тым, вялікім, ужо нельга ў багну лезці — цяжкі. Але таксама не раз ратаваў у пэўных абставінах. А калісьці ж хацелі на металалом здаць — добра, што пакінулі і пераабсталявалі…
Таксама тут у наяўнасці дадатковыя цыстэрны, бочкі, ёмкасці, своеасаблівы трактар і нават палявая кухня. Апошнюю зноў “падказалі” набыць пажары-2015. Увогуле на ўсёй тэхніцы станцыі можна перавезці амаль 100 тон вады — цяжка нават уявіць такі аб’ём.
Што ж тычыцца каманды, то ўсе тут як на падбор.
— Каго не перавыхавалі, таго не трымаем, — смяецца вядучы інжынер. — Нават і вылучыць кагосьці цяжка — кожны заслугоўвае падзякі.
…Пакуль што нагоды для ўвядзення забароны на наведванне лясоў няма, але пажарная небяспека заўсёды застаецца. I часцей за ўсё ствараем яе мы самі. Смецце, непатушаная цыгарэта, пакінутае без нагляду вогнішча — і вось ужо дзяжурнай смене ПХС трэба імчацца на пажар. Але ж шмат чаго можна прадухіліць — можа, па-спрабуем паменшыць аб’ём працы лясным пажарным?
Марыя ТАЛЕЙКА.