Днямі на вуліцы Юбілейнай — у мікрараёне «Чаромушкі» — замест старога і досыць прымітыўнага павільёна на аўтобусным прыпынку ўзнік новы, сучасны па планіроўцы і куды больш зручны. Сама па сабе падзея не асабліва значная, а вось прычынна-выніковая паслядоўнасць, дзякуючы якой адбылася ўзгаданая замена, пэўны інтарэс уяўляе.
Па словах начальніка ДЭУ № 73 Мікалая Iвашкі, першапачатковы план рэканструкцыі вуліцы Юбілейнай (2013-2014 гады) прадугледжваў паляпшэнне якасці праезнай часткі і развіццё дарожнай інфраструктуры якраз да ўзгаданага прыпынку. Аднак з-за ўнесеных падчас яго рэалізацыі дапаўненняў (у першую чаргу — будаўніцтва палос разгону) даўжыню рэканструяванага ўчастка вуліцы давялося скараціць на 400 метраў. Заканчэнне праекта — у тым ліку ўстаноўка новага павільёна — патрабавала дадатковага фінансавання і было адкладзена да лепшых часоў.
Нядаўна дарожнікі правялі аналіз эфектыўнасці выкарыстання павільёнаў на аўтобусных прыпынках шашы Мінск-Гомель. Вызначылася, што тры з іх практычна не ўжываюцца па прызначэнні і іх можна перанесці на маршруты з больш напружаным пасажырапатокам. Першым месцам такой аптымізацыі і стаў прыпынак у «Чаромушках» — так дарожная служба выказала павагу да надыходзячага 145-годдзя Асіповічаў.
Астатнія два павільёны перавезены ў вёску Краснае і таксама ўжо падрыхтаваны да эксплуатацыі.