“Руху студэнцкіх атрадаў Беларусі ўжо больш за 50 гадоў. За гэты час ён аб’яднаў каля 700 тысяч байцоў. Толькі ў мінулым годзе ганаровае званне СБА—шніка было прысвоена больш чым 70 тысячам маладых беларусаў”, — інфармуе сайт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
У нашым раёне штогод працаўладкоўваюць каля трох соцень юнакоў і дзяўчат. Прапановы для пакуль не маючых прафесійнай адукацыі маладых людзей традыцыйныя: будаўнічыя, сельскагаспадарчыя, экалагічныя, сэрвісныя атрады.
— Зараз падрыхтоўка да летняга працоўнага семестра яшчэ на самым старце, — адзначае першы сакратар райкама БРСМ Алена Надзеявец. — Абмяркоўваем з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна магчымасць накіраваць да іх на працу жадаючых правесці канікулы з карысцю, фарміруем спісы будучых студатрадаўцаў.
Для асіповіцкай моладзі падрыхтоўка да працоўнага лета стартавала з акцыі “Выбіраем студатрад!”, якая штотыднёва праходзіць ва ўсіх установах адукацыі раёна. На базе школ, гімназіі, каледжа створаны лакальныя штабы працоўных спраў. Юнакі і дзяўчаты ад 14 гадоў могуць звярнуцца туды і запоўніць спецыяльную анкету, якая потым перадаецца ў раённы штаб. Такім чынам арганізатары студатрадаўскага руху змогуць аптымальна сарыентавацца не толькі ва ўзросце будучых байцоў, але і ў іх прыхільнасцях, па магчымасці падабраць найбольш жадаемую падлеткамі падпрацоўку. Зразумела, у першую чаргу перавага аддаецца прадстаўнікам саюза моладзі, а астатнім працоўныя месцы прадастаўляюцца па магчымасці. Яшчэ трэба адзначыць, што хоць і прымаюць у студатрады з 14 гадоў, але 16-гадовым падлеткам працаўладкавацца прасцей. Аднак, нягледзячы на абмежаванні, зусім маладыя дзяўчаты ў мінулым годзе дастаткова добра папрацавалі на кансервавым заводзе і ў райспажыўтаварыстве — узрост не засмуціў працадаўцаў, а моладзь справілася з пастаўленымі задачамі.
Дарэчы, звяртацца з нагоды летняй занятасці можна непасрэдна і ў райкам БРСМ. Як, напрыклад, робяць часам бацькі студэнтаў: моладзь вучыцца ў іншых гарадах, але на лета вернецца ў Асіповічы. І, каб сынкі-дачушкі былі пры справе, анкету за іх запаўняюць законныя прадстаўнікі.
Звычайна жадаючых зарабіць даволі неблагія грошы нямала. Ужо зараз, у самым пачатку сезона, знайшлося з дзясятак прэтэндэнтаў. А ўлічваючы, што непасрэдна працоўнае лета пачынаецца пасля сярэдзіны чэрвеня, — канкурэнцыі быць. Моладзь нарэшце зразумела, што мець уласныя, самастойна заробленыя грошы — крута. І таму попыт перавышае прапанову!
Падагульнім? Калі ты школьнік, навучэнец або студэнт і хочаш правесці сваё лета з карысцю — звяртайся ў штаб працоўных спраў пры пярвічцы БРСМ сваёй установы адукацыі. Калі ўжо скончыў навучальную ўстанову ці яшчэ толькі збіраешся паступаць, або пакуль беспрацоўны — завітай у раённы штаб студэнцкіх атрадаў па месцы жыхарства. І галоўнае — не марнуй час. Зразумела, ворагі ў камп’ютарнай “стралялцы” самі сябе не пазабіваюць, але і праца самастойна не знойдзецца. Дзейнічай!
Марыя ТАЛЕЙКА.