I не страціць святое штосьці
Усе мы з хаты,
Усе мы з цішыні,
З бабуліных, дзядулевых далоняў.
Менавіта так можна вызначыць лейтматыў конкурснай работы “Залатое пяро “Белай Русі”-2017” гімназісткі Анастасіі Прусаковай, якая здзейсніла падарожжа ў свет старадаўніх рэчаў, што захоўваюцца ў адным з кабінетаў, якім загадвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Ганчаронак.
Куток, дзе сабраны розныя прылады, якімі карысталіся продкі, нагадвае звычайную сялянскую хатку.
“Зойдзем туды. Уздоўж сцяны — шырокая лава, засланая даматканымі посцілкамі, побач — стол з абрусам. Уявім, як за ім збіралася ўся вялікая сям’я ў вышытых сарочках і лапцях з драўлянымі лыжкамі ў руках. А доўгімі зімовымі вечарамі дарослыя і дзеці пралі, плялі лапці, ткалі, вышывалі. І з’яўляліся на свет ручнікі, абрусы, гліняны і драўляны посуд. Зараз гэтыя побытавыя рэчы можна знайсці ў музеях, у тым ліку і нашай “Беларускай хатцы”, дзе налічваецца каля 100 экспанатаў. Саматканы абрус, упрыгожаны набіваным арнаментам, махрамі — ім накрывалі стол на розныя святы. Тут усё проста. Але менавіта дробязі, якія ўпрыгожваюць яе, радуюць вока, а ручнік на абразе робіць яшчэ больш утульнай. Прыцягвае ўвагу саламяны павук — служыў нашым продкам абярэгам.
Яшчэ адна прылада — маслабойка. Зацікавіў і драўляны цыркуль. Яго можна і зараз выкарыстоўваць.
Ну і як жа без печы, якая сагравала падчас зімовых маразоў? А якая смачная ежа там гатавалася! Асабліва блінцы. У некаторых вясковых хатах і зараз гаспадыні карыстаюцца такімі “пячнымі” выгодамі.
Экскурсія па “Беларускай хатцы” — гэта спроба пабываць у мінулым, адчуць подых незвычайных рэчаў, дакрануцца да іх таямніц”.