Знаёмцеся:
начальнік філіяла “Будаўнічае ўпраўленне № 2 на станцыі Асіповічы”
ААТ “Дарбудмантажтрэст” Андрэй Маргулец
Нарадзіўся 30 снежня 1978 года ў Светлагорску. Скончыўшы сярэднюю школу, у 1997 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту на факультэт “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. Пасля размеркавання ў 2002 годзе патрапіў у філіял “Асіповіцкі завод жалезабетонных канструкцый” ААТ “Дарбудмантажтрэст”. Працоўную дзейнасць пачаў з пасады майстра, а пасля адкрыцця на прадпрыемстве новай лініі па вытворчасці сухіх будаўнічых сумесяў стаў старшым майстрам новага цэха. Пасля займаў пасады начальніка цэха і начальніка рамонтна-будаўнічага ўчастка.
У 2015 годзе перавёўся ў “Будаўнічае ўпраўленне № 2” на станцыі Асіповічы ў якасці галоўнага інжынера. У студзені бягучага года прызначаны начальнікам філіяла.
Асноўная задача для Андрэя Аляксандравіча як кіраўніка — забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага росту арганізацыі шляхам выканання шырокага комплексу работ. Сярод сённяшніх прыярытэтаў — будаўніцтва ўзлётна-пасадачнай паласы РУП “Нацыянальны аэрапорт Мінск”, электрыфікацыя напрамку Мінск-Вільнюс, супрацоўніцтва з прыватнай лагістычнай кампаніяй — рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны “Брэст”.
Галоўнымі чалавечымі якасцямі лічыць працавітасць, ініцыятыўнасць, сумленнасць, адказнасць і ў розных жыццёвых сітуацыях стараецца адпавядаць сваім ідэалам.
У вольны час Андрэй Маргулец займаецца міні-футболам, па магчымасці наведвае басейн, дапамагае ў арганізацыі экскурсійных паездак для рабочых. Жанаты, мае двух дзяцей.