Адбыўся мітынг з нагоды 147-й гадавіны з дня нараджэння заснавальніка савецкай дзяржавы Уладзіміра Леніна.
У ім прынялі ўдзел члены Камуністычнай партыі Беларусі, ГА “Белая Русь”, БРСМ, прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый. Старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Пузік, які ўзначальвае суполку асіповіцкіх камуністаў, звярнуўся да прысутных з урачыстай прамовай, уручыў партбілеты Мікалаю Гаўрылаву і Юрыю Каржову, якія ўзнавілі сваё членства ў КПБ.
Пасля ўскладання вянкоў да помніка правадыру сусветнага пралетарыяту, удзельнікі мітынгу далучыліся да суботніка: пасадзілі дрэвы ў парку на вуліцы Абросімава.
* * *
Па папярэдняй інфармацыі ў рэспубліканскім суботніку прыняло ўдзел больш за 14 тысяч асіпаўчан.
Пераважная большасць працавала на сваіх рабочых месцах, у ліку якіх былі і самыя знакавыя новабудоўлі горада: фізкультурна-аздараўленчы комплекс мікрараёна Чарняхоўскага ды тэрапеўтычны корпус цэнтральнай раённай бальніцы.
Землякі ў гэты дзень зарабілі каля 28 тысяч рублёў, палова з якіх у адпаведнасці з планам мерапрыемства будзе пералічана ў рэспубліканскі бюджэт, а астатнія сродкі накіруюцца на рэканструкцыю, рэстаўрацыю ці ўзнаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, падрыхтоўку аздараўленчых лагераў да летняга сезона.