Усё менш застаецца сярод нас удзельнікаў Вялікай Айчыннай. I тым больш каштоўныя ўспаміны тых, хто пра вайну ведае не з кніжных старонак, а з уласнага жыцця.
Дзмітрый Андрэевіч СIкIлIнда распачаў адлік дзясятаму дзесяцігоддзю, нягледзячы на што, выглядае бадзёра і малажава. А яго памяць захоўвае столькі падзей, што ў адным томе — калі б гэты чалавек надумаўся пісаць кнігу жыцця — не змясціліся б.
Дарэчы, да друкаванага слова ў нашага героя вельмі паважлівыя і нават трапяткія адносіны. I цяпер уваходзіць у склад Клуба аматараў кнігі, дзе выпісвае шмат рознай дакументальнай і даведачнай літаратуры. Асабліва яго цікавіць тэма вайны. I гэта нездарма.
22 чэрвеня 1941 года запомнілася назаўсёды бамбёжкай, якая знянацку парушыла мірнае жыццё жыхароў Асіповіч, дзе сям’я Сікіліндаў з Чарнігаўшчыны пражывала ўжо 7 гадоў.
А потым пачаліся новаўвядзенні чужынцаў, якія загаспадарылі ў горадзе. Моладзь пагналі на прымусовыя работы.
Дзмітрый разам з іншымі разбіраў завалы разбураных будынкаў, разгружаў вагоны. Працаваў на нямецкіх могілках.
Самым яркім момантам у жыцці падлеткаў стала дыверсія, якую ўчыніў просты хлопец, які стаў пазней легендарным падпольшчыкам, Фёдар Крыловіч.
Пасля вызвалення горада юнакі, якім споўнілася па 18 гадоў, былі пры-званы ў войска. Пайшоў на вайну і Дзмітрый. Прычым літаральна: сваёй хадою. Навабранцы хуценька атрымалі баявую падрыхтоўку, а потым былі размеркаваны па часцях.
Наш герой трапіў у палявы пральны атрад. Стаў сувязным. Хлопец дастаўляў у падраздзяленне загады, карэспандэнцыю. I ўсё больш пехатою.
З часцю дайшоў да Берліна. Але службу працягваў яшчэ 2 гады пасля Перамогі.
А потым была вучоба. Цяга да ведаў і да зямлі аб’ядналіся, і юнак паступіў спачатку ў Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум, а пасля — Горацкую акадэмію. У абедзвюх навучальных установах атрымаў чырвоныя дыпломы.
Прапаноўвалі работу ў міністэрстве, толькі моцна клікалі родныя мясціны, таму папрасіўся ў свой раён. Там і вырошчваў хлеб, бульбу ды лён на зямлі, што нядаўна вызвалілася ад гільз ды калючага дроту. Працаваў галоўным аграномам Ліпенскай МТС, затым — калгаса «Чырвоны Сцяг». Паўтара дзясяткі гадоў узначальваў гаспадарку, потым быў намеснікам дырэктара «Сельгастэхнікі». Уводзіў севазварот, укараняў новыя агратэхнічныя метады. Працаваў з душой, без чаго не было б добрых вынікаў…
З цікаўнасцю слухалі Дзмітрыя Андрэевіча ветэраны і члены БРСМ, якія наведалі гэтага заслужанага чалавека ў рамках праекта «Залаты ўзрост», што рэалізуецца «пярвічкай» ЦРБ пры фінансавай падтрымцы германскага фонду «Памяць, адказнасць і будучыня». Хлопчыкаў і дзяўчынак здзівіла, што і праз тры чвэрці стагоддзя ўспаміны могуць быць такімі яскравымі і жывымі, нібы ўчора тое было. Жвавасць розуму стымулюе разгадванне красвордаў, чытанне энцыклапедый і даведнікаў, а таксама тое, што ветэран трымае руку на пульсе часу: у курсе навін раёна і краіны.
Моладзь, якая сёлета толькі пачала вывучаць гісторыю Беларусі, атрымала дастойны прыклад прыстойнага жыцця годнага прадстаўніка яе народа.
Iна ЗАСКЕВIЧ. Фота Ніны Царык.