Лапіцкі сельсавет — адзін з самых буйных на тэрыторыі раёна. У яго склад уваходзіць 28 населеных пунктаў, дзе пражывае больш за 2 тысячы жыхароў, што, напрыклад, у некалькі разоў больш, чым у Карытненскім ці Татаркаўскім. А значыць, і “шчыльнасць” паўсядзённых клопатаў у старшынь адміністрацый розная. Але праблемы, якія прыходзіцца вырашаць кіраўнікам мясцовай улады, у большасці сваёй аднолькавыя: добраўпарадкаванне, падтрымка асабістых падсобных гаспадарак, сацыяльна—эканамічныя пытанні. Каб заўсёды быць у цэнтры падзей, сустракацца з людзьмі, звычайна рабочага дня не хапае. Але калі ты разумееш важнасць ускладзеных на цябе абавязкаў, адказваеш за лёсы некалькіх соцень людзей, то не зважаеш ні на час, ні на асабістыя справы. Так лічыць лапіцкі “галава” Аляксандр Гарадзілаў, які стаіць на чале адміністрацыі тры гады. Службовы тэрмін на дадзенай пасадзе не надта вялікі, аднак станоўча выніковы: у штогадовых абласных спаборніцтвах сярод органаў мясцовага самакіравання за леташні год узначальваемы ім сельсавет прызнаны лепшым і атрымаў пераходны чырвоны сцяг. Такой пачэснай узнагароды за 11 гадоў існавання абласных “іспытаў” органаў мясцовага кіравання і самакіравання дабіваўся толькі Вяззеўскі сельскі Савет у 2014 годзе. А калі ўлічыць, што на Магілёўшчыне некалькі соцень сельсаветаў, то працэнт пападання ў дзясятку для Асіповіччыны высокі.
— Што спрыяе такой эфектыўнай рабоце кіраўніка? — з такога простага на першы погляд пытання і пачалася гаворка з Аляксандрам Гарадзілавым.
— Кантактаваць з людзьмі, своечасова рэагаваць на іх штодзённыя запыты, жыць аднымі праблемамі, быць пастаянна адкрытым і шчырым — дастаткова складана. Але магчыма. Проста трэба любіць месца, дзе жывеш, атуляць увагай і клопатам малога і старога, працаўніка і абібока, не толькі глядзець наперад, але і бачыць, каб думаць і прымаць своечасова неабходныя рашэнні, не баяцца весці з землякамі прамы дыялог, разам шукаць выйсце са складанай сітуацыі. І калі сёння ўдаецца дапамагчы чалавеку, даць яму слушную параду, уладкаваць непакой і трывогу, радуюся, бо і сам заўтра буду прасынацца спакайнейшым і ўпэўнена крочыць на работу. Адчуваю задавальненне і ад таго, што працую з камандай аднадумцаў, на якіх заўсёды магу разлічваць, — кіраўніком спраў Юліяй Раеўскай, спецыялістам Ганнай Важнік. Усе мясцовыя, даўно ведаем адзін аднаго, адносіны будуем на даверы. Як і з актывістамі вёсак — старастамі, гаспадарамі дамоў сацыяльных паслуг і ўсімі зацікаўленымі ў канчатковым выніку землякамі.
— Супрацоўніцтва з арганізацыямі, што размешчаны на тэрыторыі, — таксама складнік паспяховасці?
— Безумоўна. Знайшлі паразуменне з усімі мясцовымі прадпрыемствамі — працуем у адной вупражцы. Сумесна вырашаем набалелыя пытанні. Яны актыўна дапамагаюць у правядзенні свят вёсак, выдзяляюць пры неабходнасці тэхніку на розныя патрэбы, разам адсочваем іншыя сацыяльна значымыя ў жыцці сельсавета моманты.
— Якой стратэгіі прытрымліваецеся ў развіцці населеных пунктаў сельсавета?
— Галоўнае — павышаць узровень жыцця людзей. Важна, каб вяскоўцы былі забяспечаны работай. Сёння яны хочуць зарабляць не менш, як гараджане, жыць з камфортам. Асабліва маладыя сем’і, якія дзяржава стараецца падтрымліваць. Кіраўнікі гаспадарак не павінны пакідаць па-за ўвагай і маладых спецыялістаў, што прыязджаюць сюды па размеркаванні: прадастаўляць добраўпарадкаванае жыллё, фінансавую падтрымку і іншыя сацыяльныя бонусы, ад якіх будзе залежаць замацаванне дзяўчыны або хлопца на сяле.
— Што найбольш хвалюе жыхароў сельсавета?
— Праблем хапае. Вываз смецця, дрэнныя дарогі ў распуціцу, снежныя заносы, гандлёвае абслугоўванне, вода- і газазабеспячэнне, работа маршрутных аўтобусаў, утрыманне падсобных гаспадарак — няпоўны іх пералік. А ёсць яшчэ і прыватныя — адзінокага пажылога чалавека няма каму пахаваць ці лякарства тэрмінова спатрэбілася ў аддаленую вёску. Сярод іх як хутка вырашаемыя, так і тыя, што патрабуюць часу: напрыклад, рамонт установы культуры ў Жорнаўцы, які значна зацягнуўся. Лічу, што прадстаўнік улады павінен прапаноўваць шляхі выхаду з канкрэтнай праблемнай сітуацыі. Толькі ў такім выпадку магчымы канструктыўны дыялог.
— Аб планах раскажаце?
— Iх безліч. Галоўнае — ператварыць іх у жыццё. Упэўнены: каб дамагчыся чагосьці значнага, не трэба губляць часу марна. Як жыву? Што зрабіў? Як стасуюся з акаляючым светам, з зямлёй, на якой вырас? Гэта важныя пытанні. Калі часцей будзем разважаць над імі, упэўнены, менш бу-дзем сутыкацца і з такой злабадзённай праблемай, як сацыяльнае ўтрыманства. Замест таго, каб бясконца разважаць, каму і што павінен, чалавек абавязаны штосьці рабіць сам. Радуе, што ў апошні час людзі актыўна сталі ўдзельнічаць у самых розных мерапрыемствах, у тым ліку і ў добраўпарадкаванні. Зрабіць чыстым свой падворак, вуліцу, не быць абыякавымі адзін да аднаго — становіцца нормай паўсядзённага жыцця. I гэта вялікі крок наперад, які мясцовая ўлада сёння зрабіла разам з сяльчанамі, каб заўтра было лепшым.
Гутарыла Ніна ВIКТОРЧЫК.