Якія асацыяцыі часцей за ўсё ўзнікаюць да слова «ўрок»? Школьны кабінет, вучні, настаўнік… А як наконт таго, каб уявіць у ролі выкладчыка сапраўднага палкоўніка? Менавіта так і адбылося на мінулым тыдні ў мясцовай гімназіі.
Урок мужнасці, прысвечаны надыходзячаму святу абаронцаў Айчыны, тут вырашылі правесці па-асабліваму. На 45 хвілін месца педагога перад гімназістамі заняў камандзір 336 рэактыўнай артылерыйскай брыгады палкоўнік Аляксандр Цішкевіч. Аўдыторыя — вучні 10-11 класаў, амаль дарослыя маладыя людзі. Зусім хутка ім прыйдзецца выбіраць свой жыццёвы шлях, і, магчыма, хтосьці накіруецца і ў войска.
Пачаўся занятак з аповеда пра сучасную беларускую армію ўвогуле і асі-повіцкіх рэактыўшчыкаў у прыватнасці. Аляксандр Уладзіміравіч расказаў аб дасягненнях і поспехах брыгады, паведаміў аб тым, якая тэхніка стаіць зараз на ўзбраенні. Пахваліцца, дарэчы, ёсць чым: акрамя магутнай і вядомай многім рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Смерч», з мінулага лета ваеннаслужачыя 336 рэабр маюць новую сучасную РСЗА «Паланэз». Гэта сістэма амаль цалкам распрацавана беларускімі навукоўцамі, тэхнікамі, ваеннымі і пакуль не мае аналагаў у свеце.
Для нагляднасці прадэманстравалі відэафільм аб гісторыі і сучаснасці асіповіцкіх рэактыўшчыкаў. А напрыканцы ўрока палкоўнік Цішкевіч прапанаваў маладым людзям не сумнявацца ў сабе, а, пры наяўнасці жадання, выбіраць армейскі шлях. Быць ваеннаслужачым, афіцэрам, абараняць сваю Радзіму — гэта ганарова. А ўсяму неабходнаму для прафесійнага ваеннага навучаць у спецыяльных адукацыйных установах.
Празвінеў школьны званок, але сустрэча на гэтым не закончылася. Аляксандр Уладзіміравіч запрасіў старшакласнікаў наведаць парк тэхнікі брыгады. Аўтобус даставіў хлопцаў туды літаральна за 5 хвілін. І вось яны, тыя самыя «Смерчы» і «Паланэзы»! Ваеннаслужачыя падрабязна расказалі пра магутнасць і асаблівасці тэхнікі, з якой ім даводзіцца сутыкацца амаль штодня. Гімназісты змаглі не толькі ўсё ўбачыць, але і забрацца ў некаторыя машыны. Цікава, што частку экскурсіі па парку праводзіў амаль равеснік школьнікаў — нядаўні выпускнік гімназіі Андрэй Андрыевіч. Трапіўшы на службу ў 336 рэабр, ён зараз непасрэдна працуе з навейшым беларускім узбраеннем. Яго расказ пра армейскія будні быў бясспрэчна цікавым для старшакласнікаў.
Марыя ТАЛЕЙКА. Фота аўтара.