Пыталіся — адказваем
Пасля публікацыі “Лес і яго кодэкс” (гл. «АК» № 9 ад 31.01.2017 г.) у рэдакцыю звярнулася нямала чытачоў, якія “чулі”, што па новых правілах вядзення лясной гаспадаркі на нарыхтоўку грыбоў і ягад уводзіцца падатак, аб якім “раёнка” нічога не паведаміла.
З гэтай нагоды яшчэ раз патурбавалі начальніка аддзела лясной гаспадаркі ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас” Андрэя Пятрова, каб той даў канчатковае і адназначнае тлумачэнне па зачапіўшым за жывое пытанні:
— Грамадзяне могуць наведваць лясныя ўгоддзі, збіраць для ўласных патрэб грыбы, ягады, плады, арэхі, сокі, апалае лісце, нарыхтоўваць галіны, мох без аніякіх дазваляльных дакументаў і БЯСПЛАТНА.
Пры гэтым існуе адно абмежаванне: нарыхтоўку сокаў і моху можна весці на ўчастках, якія вызначаюцца лясніцтвамі. I — выключэнне: забаронены збор ахоўваемых відаў і раслін, якія ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы .
Плата за нарыхтоўку другаступенных лясных рэсурсаў прадугледжана толькі для юрыдычных асоб і прадпрымальнікаў, якія бяруць у арэнду прыродныя ўгоддзі. Аднак такая форма эксплуатацыі рэсурсаў лесу на Асіповіччыне не практыкуецца, бо намнога прасцей і, відаць, выгадней весці закуп дзікарослай сыравіны ў насельніцтва.