Пра тое, што Новы год набліжаецца, гаворыць многае: магазінныя вітрыны з цацкамі і мішурой, упрыгожаныя ёлкі на гарадскіх плошчах і ў парках, ззянне гірляндаў у вячэрні час. Многія вокны будынкаў ператварыліся ў рукатворны папяровы цуд — што толькі не адкрываецца воку! Тут і карункавыя сняжынкі, і сюжэтныя казачныя кампазіцыі, і героі любімых дзіцячых мульцікаў, і сімвал наступаючага года — певень. І ўсё выканана ў тэхніцы выцінанкі, якая бярэ ў палон як малых, так і людзей ва ўзросце.
Выразанымі з паперы фігурамі аздабляюць не толькі вокны, але і памяшканні. Асабліва захапіліся такім творчым працэсам настаўнікі і вучні гімназіі. Ужо які год навучальная ўстанова ў гэтую пару прыцягвае ўвагу прахожых здалёк. Кожнае школьнае акно — сапраўдны шэдэўр мастацтва.
— Новы год — свята незвычайнае, — гаворыць настаўнік абслугоўваючай працы Жанна Бранавіцкая. — Яго любяць дарослыя і дзеці, кожнаму хочацца цудаў. І калі няма чарадзейнай палачкі, дык чаму цуд не стварыць з дапамогай простых і даступных прадметаў — нажніц і паперы, як гэта рабілі нашы продкі? Адначасова адраджаецца і старадаўняя традыцыя. Займацца выцінанкай вучням падабаецца, клас на нейкі час становіцца майстэрняй. Прастор для мыслення ў маленькіх творцаў неабмежаваны, і нараджаюцца на свет ажурныя дрэвы, цацкі, сняжынкі, кветкі — усё, што душа не пажадае. Выразанне, безумоўна, патрабуе ўвагі, уседлівасці, карпатлівасці, але вынік заўсёды радуе. З кожным годам майстэрства гімназістаў усё больш шліфуецца. Юныя творцы ўпрыгожваюць і дамашнія пакоі. I з заканчэннем свята развітвацца з загадкавасцю не хочацца…
Ніна ВIКТОРЧЫК.
Фота Ніны Царык.