Акцыя «Нашы дзеці» крочыць па краіне. У яе рамках праходзіць шмат дабрачынных мерапрыемстваў. У гэтыя дні прадстаўнікі розных галін гаспадаркі, кіраўнікі і валанцёры віншуюць дзяцей-сірот, тых, хто мае асаблівасці развіцця або расце ў складаных умовах.
Аднымі з першых наведалі Асіповіцкую спецшколу намеснік Генеральнага пракурора краіны Аляксандр Лашын і начальнік аддзела Генеральнай пракуратуры Віктар Мароз, намеснік начальніка 8-га ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Уладзімір Дзюбчанка, начальнік аддзела БПС-банка сталіцы Павел Бяляўскі, дырэктар дабрачыннага фонду «Родник доброты» Ганна Бародзька. Павіншавалі маленькіх выхаванцаў установы і пракурор раёна Аляксандр Канецкі, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шаўлюга, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Шаўчэнка, дырэктар ААТ «АЗАА» Віктар Антоненка і другія нераўнадушныя людзі.
Пад Новы год усе чакаюць цудаў. Навагодняя ёлка, Дзед Мароз са Снягуркай, смачныя цукеркі, сучасная тэхніка, аўтакрэсла і іншыя падарункі, якія атрымалі рабяты, — ці ж гэта не нагода для добрага настрою і пацвярджэнне, што, калі верыш у цуд, ён абавязкова адбудзецца?