Падпісацца на раённую газету «Асіповіцкі край» можна з любога месяца ў мясцовых аддзяленнях сувязі і праз АРIП.
Кошт падпіскі: на 1 месяц — 4, на квартал — 12, на паўгоддзе — 24 рублі.
Падпісная кампанія ў разгары. Арганізацыі вызначаюць спіс выданняў, якія будуць чытаць у бліжэйшыя паўгода, землякі звяртаюцца да свайго паштальёна, многія знаёмяцца з каталогам газет і часопісаў. А як ідзе падпіска ў аддаленых кропках Асіповіччыны?
У Градзянскім аддзяленні паштовай сувязі з усёй інфармацыяй для падпісчыкаў можна пазнаёміцца на стэндзе.
Вячаслаў Герасіменя, які набываў неабходны тавар, гаворыць: «Хоць жыву тут толькі 3 гады — былы мінчанін, але калі-нікалі трымаю ў руках «раёнку». Цікаўлюся і навінамі, і аб’явамі».
Начальнік пошты Алена Сергіевіч зазначае: «У нас 52 падпісчыкі «АК». Сама таксама ў ліку вашых чытачоў, у школьныя гады нават пісала ў газету».
Станіслава Станіславаўна Паркалава разам з мужам Іванам Фамічом жывуць ужо 56 гадоў. «Столькі ж і газету мясцовую выпісваем, — дзеліцца жанчына. — Раней атрымоўвалі цэлую пачку выданняў, а зараз толькі «раёнку» і «Народны доктар». На эстакадзе адпрацавала 36 гадоў, гаспадар — 44 гады майстрам у гаражы».
Паштальён Каменіцкага аддзялення сувязі дастаўляе газету ў 44 дамы. Некаторыя прызнаюцца, што ў мэтах эканоміі выпісваюць «раёнку» на 2 сям’і. Начальнік Алена Каўко канстатуе: «Колькасць экзэмпляраў розных выданняў, якія выпісваюцца нашымі жыхарамі, наогул памяншаецца. Але «Асіповіцкі край» выпісваюць найбольш ахвотна. Моладзь таксама цікавіцца свежымі навінамі з газеты».
Аксана Храмых адзначае: «З мужам атрымоўваем «раёнку» больш за 10 гадоў. Разам чытаем, абмяркоўваем. Заўсёды хочацца ведаць, што адбываецца ў раёне. Вывучаю месяцавы каляндар, калі што можна садзіць. Даведваемся пра юбіляраў. Рэклама таксама бывае карыснай. Яшчэ хацелася б, каб з’явіліся матэрыялы, прысвечаныя догляду за пакаёвымі раслінамі».
Сярод вясковага насельніцтва багата нашых даўніх сяброў. Заўсёды цікавімся іх меркаваннямі, пажаданнямі. Будзем і надалей старацца часцей выязджаць на раён, каб на старонках газеты кожны мог знайсці інфармацыю і са свайго населенага пункта. А вы, паважаныя чытачы,у сваю чаргу дзяліцеся з рэдакцыяй навінамі, падказвайце тэмы, якія цікавяць.