Знаёмцеся:
дырэктар ААТ “Заходні-Агра”
Iван Мельнікаў
Нарадзіўся ў 1976 годзе ў г. Ветка Гомельскай вобласці. Пасля школы скончыў Гомельскае ПТВ-152, дзе асвоіў спецыяльнасць электрамантажніка станцыйнага абсталявання тэлефоннай сувязі. У 1994-1996 гадах праходзіў тэрміновую службу ва ўнутраных войсках у Магілёве.
Працоўная біяграфія распачалася ў саўгасе “Веткаўскі”: слесар, памочнік брыгадзіра па ўліку, вядучы аграном.
На Асіповіччыне з 2000 года. Рабіў на розных пасадах у сельгаспрадпрыемствах раёна, паралельна атрымліваў вышэйшую адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці “агранамія”.
У 2005-2012 гадах працаваў у Асіповіцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 8 спачатку майстрам вытворчага навучання, потым — выкладчыкам спецдысцыплін.
З 2013 года Iван Iванавіч вярнуўся да работы на зямлі. Працаваў у калгасе “Авангард”, ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”. У ААТ “Заходні-Агра” з красавіка 2016 года.
Ён упэўнены, што ва ўзначальваемага сельгаспрадпрыемства ёсць будучыня — для выхаду з цяжкага эканамічнага становішча калектыву трэба працаваць многа і эфектыўна. У людзях цэніць уменне трымаць дадзенае слова. “Што б ні здарылася, заўсёды трэба заставацца чалавекам”, — такое перакананне мае кіраўнік Мельнікаў.
Жанаты. З Аленай Яўгенаўнай выхоўваюць сыноў Аляксея і Андрэя, дачку Таццяну. З задавальненнем бавіць час з дзецьмі. Захапляецца футболам і рыбалкай.