20 лістапада — Сусветны Дзень памяці ахвяр ДТЗ, закліканы ўшанаваць памяць загінулых, выказаць спачуванні членам іх сем’яў і яшчэ раз нагадаць пра неабходнасць забеспячэння бяспекі дарожнага руху. На дарогах раёна з пачатку года 21 чалавек траўмаваны і 6 загінула. Сярод асноўных прычын аварый — перавышэнне хуткасці руху, ужыванне алкаголю, адсутнасць тэхагляду і прыстасаванняў, што служаць бяспецы вадзіцеляў і пасажыраў.
Тыдзень прафсаюзнай культуры распачаўся сёння ў краіне. З гэтай нагоды пройдуць пасяджэнне савета Асіповіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў, ушанаванне лепшых працаўнікоў, канцэртныя праграмы. На Асіповіччыне налічваецца 147 «пярвічак», у склад якіх уваходзіць каля 17 тысяч чалавек.
Адбыўся справаздачна-выбарчы сход раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі. Былі падведзены вынікі работы, намечаны план на будучы год, асноўныя намаганні ў якім будуць накіраваны на святкаванне 100-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, інфармацыйную работу і выхаванне моладзі. Кіраўніком райарганізацыі кампартыі перавыбраны Аляксандр Пузік, яго намеснікам выбраны Iгар Петух.
Татаркаўскі сельвыканкам надзяляе шмат увагі добраўпарадкаванню пасёлка. Адрамантавалі агароджу па вул. Прамысловай і на могілках, дзе спілавалі 9 аварыйных дрэў. Сіламі АДУКВП «Водаканал» вядзецца бягучы рамонт дома № 37 па той жа вуліцы. Згодна з рашэннем суда ідзе знос аднаго з пустуючых дамоў. Жыхарам прыватнага сектара падвялі ваду. А грэйдзіраванне вуліц Вакзальнай, Ленінскай, Камсамольскай, Горкага і завулка Першамайскага зрабіла больш зручным рух транспарту і пешаходаў.
ПУП «Асіповіцкая аўтамабільная школа» ДТСААФ за 10 месяцаў падрыхтавала 98 вадзіцеляў катэгорыі «В», а 96 шафёраў, якія ўжо мелі гэту катэгорыю, павысілі свой прафесіяналізм, атрымаўшы катэгорыю «С», з іх 65 ваеннаслужачых тэрміновай службы. 16 чалавек займелі катэгорыі «С» і «Е», акрамя таго, падрыхтавана 46 вадзіцеляў газабалонных аўтамабіляў.