У раёне працягваецца замена тэлефонных нумароў. У гарадское аддзяленне сувязі № 1 зараз трэба тэлефанаваць 52-4-50, № 2 — 79-2-42, у трэцяе — набірайце 52-4-77, пятае — 52-0-47.
У сувязі з рэарганізацыяй камунальных арганізацый дыспетчару АДУКВП «Райсэрвіс» (цяпер УКП ЖКГ) з 15 лістапада можна будзе дазваніцца па нумары 77-3-23.
Аб’ём паслуг камбіната бытабслугоўвання за 9 месяцаў — 100,1%. Пераважае сярод іх пашыў і рамонт адзення, чыстка, цырульныя паслугі. У індывідуальным пашыве лідыруюць пасцельная бялізна і трыкатаж. За студзень-верасень пашыў адзення прынёс 240,22 тыс. дэнамінаваных рублёў, хімчыстка — 15,1 тысячы, цырульня — 126,9 тысячы.
У Карытненскім сельсавеце з пачатку года прайшло 9 пасяджэнняў савета грамадскага пункту аховы парадку, куды было запрошана 53 чалавекі з асацыяльнымі паводзінамі. У выніку работы з удзелам супрацоўнікаў райаддзела міліцыі, пракуратуры, пажарнай службы 4 жыхары закадзіраваліся і вядуць здаровы лад жыцця, двое працаўладкаваліся, адзін накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
Дарожны майстар Асіповіцкай дыстанцыі пуці Галіна Шухрай ва ўрачыстай абстаноўцы прынята ў клуб «Ганаровы чыгуначнік», у якім сёння налічваецца 164 работнікі сталёвай магістралі Магілёўскага аддзялення.
Па праграме «Маладзёжная практыка» з пачатку года ў нас працаўладкавана 4 выпускнікі навучальных устаноў, якія мелі свабоднае размеркаванне. Па 1 маладым работніку першае працоўнае месца набылі ў рыбгасе, УКП ЖКГ, ПГУП «Панатрэйд» і ПУП «Прусакоў».
Цэнтральная райбальніца за 9 месяцаў аказала платных паслуг па ультрагукавым даследаванні 2 512 чалавекам на суму 21,03 тыс. рублёў. Найбольшай папулярнасцю сярод пацыентаў карысталіся УГД органаў брушной поласці і шчытападобнай залозы.
У разлікова-касавым цэнтры №13 філіяла ААТ «Белаграпрамбанк» паведамілі, што ў раёне знаходзіцца ў абарачэнні 7802 пластыкавыя карткі іх банка. Карыстальнікі аддаюць перавагу міжнародным. Усё большую папулярнасць набывае «Моцная картка» — яе годнасць ужо ацаніла 122 чалавекі. 720 грамадзян пажылога ўзросту атрымоўваюць пенсію з пакетам паслуг «Клопат». Маладым кліентам прыйшлася даспадобы віртуальная «Нереальная карта», якая дазваляе рабіць пакупкі праз інтэрнэт. Яе ўжо набыло 46 асіпаўчан.