Шчырыя ўсмешкі і добры настрой у пятніцу арганізаваў жанчынам розных узростаў раённы камітэт БРСМ. З нагоды Дня маці першы сакратар райкама Алена Надзеявец і галоўны спецыяліст Анастасія Гоціна разам з вучнем Татаркаўскай школы Дзянісам Яцэвічам сустракалі іх каля РЦКіА. “Узброілася” моладзь рознакаляровымі кветкамі з паветраных шарыкаў, і кожнай жанчыне ўручылі “кветачку”, павіншавалі з “прафесійным” святам. Матулі з задавальненнем прымалі падарункі, адразу пачыналі лагодна ўсміхацца. А словы “Як добра вы гэта прыдумалі!” прадстаўнікі саюза моладзі чулі амаль без перапынку. Дробязь? Але ж прыемна!