1 верасня — несумненна выдатная нагода для таго, каб у чарговы раз дапамагчы тым, каму гэта патрэбна. Менавіта так вырашылі ў райсельгасхарчы і правялі сваю перадшкольную акцыю. Iніцыятарамі і арганізатарамі добрай справы сталі намеснік старшыні райвыканкама — начальнік ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Захарчук разам з райкамам работнікаў прафсаюза АПК і некаторымі фермерамі раёна. Сумеснымі намаганнямі сабралі розныя рэчы для школьнікаў і пэўную грашовую суму. Параіўшыся, накіраваліся ў аграгарадок Забалацце.
У сям’і Вітушка — трое дзетак. Каб дагадзіць кожнаму, зараней пацікавіліся ў іх матулі, што спатрэбіцца малым. І вось у апошні дзень лета Максіму, Лізе і Алінцы ўручылі падарункі — школьнае аддзенне, канцылярскія тавары, кніжкі і нават цацкі. Малодшыя Вітушкі ад радасці нават абдымацца кінуліся!
— Усім вядома: дзеці — наша будучыня, пра іх заўсёды патрэбна клапаціцца, — адзначае Дзяніс Сяргеевіч. — На жаль, мы проста фізічна не зможам звярнуць увагу адразу і на кожнага, але нават калі адзін малы будзе шчаслівы — гэта ўжо прыемна. Сённяшняя паездка — першая, але не апошняя. Будзем імкнуцца, каб атрымаць як мага больш удзячных дзіцячых усмешак. Ці гэта не лепшая ўзнагарода?
Фота Ніны ЦАРЫК.