Ужо некалькі год запар у краіне актыўна аднаўляюць, ажыццяўляюць і ўкараняюць безумоўна добрую і важную традыцыю — студэнцкія або працоўныя атрады для моладзі. Тым, хто нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, падобная практыка добра знаёма, а сённяшняя моладзь з задавальненнем падтрымлівае і развівае традыцыі бацькоў.
Яшчэ ў сакавіку зацікаўленыя ўстановы і арганізацыі пачалі распрацоўваць план работ і мерапрыемстваў для байцоў студатрадаў. У абласным цэнтры нават спецыяльны семінар-вучобу правялі па пытаннях арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў, дзе пабывалі і прадстаўнікі асіповіцкай моладзі. І вось 16 чэрвеня першыя жадаючыя паўдзельнічаць у студатрадаўскім руху нарэшце прыступілі да сваіх абавязкаў. Адметна, што распачалі працоўнае лета-2016 у ДДЛГУ “Жорнаўская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу НАН Беларусі” — менавіта там раней за іншых прынялі маладых байцоў студатрадаў. Акрамя таго, хлопцам і дзяўчатам прапанавалі працоўныя месцы ў райспажыўтаварыстве, на кансервавым заводзе і ва ўсіх сельгас-прадпрыемствах раёна. Традыцыйна былі створаны сельскагаспадарчыя, будаўнічыя, сэрвісныя і экалагічныя атрады. Напрыклад, “эколагі” ў Жорнаўскай базе дапамагалі да-глядаць за ляснымі культурамі ў якасці падсобных рабочых-лесаводаў, а байцы сэрвісных атрадаў былі занятыя ў шэрагу работ: прыбраць, пафарбаваць, прапалоць, перабраць… Добра адклікаліся пра маладых працаўніц на кансервавым заводзе: некаторыя ўжо не першы год супрацоўнічаюць з прадпрыемствам, таму спецыфіку ведаюць. У гаспадарках жа асноўнай задачай студатрадаўцаў стала дапамога ва ўборцы ўраджаю, на зернетаку. Зразумела, хапіла моладзі і будаўнічых работ. Натуральна, для навучэнцаў мясцовага прафесійна-тэхнічнага каледжа такая падпрацоўка стала яшчэ і добрай практыкай, бо зусім хутка яны стануць сапраўднымі спецыялістамі — дадатковы вопыт сапраўднай работы не будзе лішнім.
Дарэчы, у мінулым годзе ў раёне працаўладкавалі больш за 300 хлопцаў і дзяўчат, на сёння ж у маладзёжнай працоўнай ініцыятыве прынялі ўдзел ужо 262 маладыя жыхары Асіповіччыны ў складзе 31 атрада. Акрамя таго, зараз працуе яшчэ 8 атрадаў — 69 хлопцаў і дзяўчат.
— На жаль, не давялося паўдзельнічаць у абмене атрадамі паміж раёнамі, — наракае першы сакратар райкама БРСМ Алена Надзеявец. — Пакуль што ў нас няма магчымасці на пэўным узроўні арганізаваць не толькі быт, але і працоўнае месца для гасцей. Думаецца, у суседзяў па вобласці такая ж праблема, таму і наша моладзь нікуды за межы раёна не выязджала. Тым больш што зараз попыт на працу значна перавышае прапанову — жадаючых зарабіць свае грошы з кожным годам становіцца ўсё больш, таму ў першую чаргу дапамагаем тым, хто з’яўляецца членам БРСМ, а ўжо потым — астатнім. А вось арганізацыі раёна, што не зусім прыемна, усё менш выказваюць жаданне супрацоўнічаць з моладдзю. Але што ж зробіш: зараз усюды не вельмі добрае эканамічнае становішча, мы гэта разумеем. Спадзяюся, што ў наступным годзе сітуацыя карэнным чынам пераменіцца і задаволенымі застануцца ўсе: і моладзь, і прымаючыя прадпрыемствы.
Узрост маладых працаўнікоў — у асноўным ад 16 да 18 гадоў — найбольш падыходзячы для таго, каб атрымаць першыя грошы. Згадзіцеся, якая б ні была сума, а лішняй яна ніколі не акажацца. Ды і навучальны год набліжаецца: ёсць нагода патраціць сумленна заробленыя з толкам, зняўшы з бацькоўскіх плеч ча-стку хваляванняў наконт падрыхтоўкі любімага дзіцяці да школы, сярэдняй або вышэйшай навучальнай установы. Тым больш, што студатрады — добрая прафесійная школа: вопыт, набыты на практыцы ў маладосці, застанецца назаўсёды.
Марыя ТАЛЕЙКА.