20 жніўня ў 11 гадзін каля Свслацкага сельскага Дома культуры распачнецца свята «Свіслацкі кірмаш», падчас якога пройдзе ўшанаванне пераможцаў жніва філіяла «Белшына-агра» ААТ «Белшына». Падчас мерапрыемства можна будзе наведаць гандлёвыя рады і паўдзельнічаць у гульнёвай праграме.
Філіялам «Бабруйскае вытворчае ўпраўленне РУП «Магілёўаблгаз» за студзень-ліпень усталявана насельніцтву пліт — 628, праточных воданагравальнікаў — 74, катлоў — 12.
Райспажыўтаварыства актыўна вядзе нарыхтоўку лясных дароў. З пачатку сезона закуплена каля 80 тон чарніц, 769 кілаграмаў буякоў, 450 — грыбоў. Землякі змаглі павялічыць сямейны бюджэт амаль на 162 тысячы рублёў. А нядаўна кааператары распачалі папаўняць склады райста яблыкамі — закладзены ўжо першыя 63 тоны.
У рыбгасе «Свіслач» на адной з сажалак, якая займае плошчу каля 13 гектараў, аматары адпачынку з вудай у руках за чатыры з паловай месяцы вылавілі 4 тоны «жывога срэбра». Рыбалоўнага шчасця паспытала каля тысячы чалавек. Усяго ў касу прадпрыемства да-дзены від паслугі прынёс 20 тысяч рублёў.
У раённы цэнтр сацабслугоўвання насельніцтва за аднаразавай матэрыяльнай дапамогай на падрыхтоўку вучняў да школы ўжо звярнулася 465 сем’яў, у якіх выхоўваецца 3 і больш непаўналетніх дзяцей (950 школьнікаў). Памер вы-плат склаў каля 50 тысяч рублёў.
У аддзяленні хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі працуе 20 фельчараў і 15 вадзіцеляў, у распараджэнні якіх 6 машын. У ліпені сюды паступіў 1.071 зварот, на дом да пацыентаў ажыццёўлена 996 выездаў, сярод якіх 15 безвыніковых.
Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка нядаўна прыняла ў сваю сям’ю 3 маладых спецыялістаў, двое з якіх — ураджэнцы раёна. Працаваць яны будуць ў Осаве, Вязаўніцы і гарадской бібліятэцы № 1. Дарэчы, сярод новаспечаных бібліятэкараў — адзін юнак.
На жніве-2016 лепшых вынікаў сярод моладзі дасягнулі працаўнікі філіяла «Белшына-агра» ААТ «Белшына»: вадзіцель Iван Жуковіч на аўтамабілі МАЗ-5551 перавёз 1.215,8 тоны збожжа, экі-паж зернеўборачнага камбайна КЗС-1218 у складзе Сцяпана Давідовіча і Рыгора Грышановіча намалаціў 837,8 тоны збожжа.
Мясцовы гісторы-какраязнаўчы музей актыўна рыхтуецца да ўдзелу ў III Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі», да якога засталося крыху больш за месяц. Асноўныя крытэрыі ацэнкі конкурсных матэрыялаў — прафесійны ўзровень работ; наяўнасць арыгінальных ідэй, інавацыйных падыходаў; папулярызацыя музейных прадметаў. Музейшчыкі Асіповіччыны будуць абараняцца ў намінацыі «За лепшы музейны праект».