У рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва на мінулым тыдні Асіповіччыну наведала рэспубліканская інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам. Прайшла сустрэча ў Вяззеўскім сельскім Доме культуры з удзелам старшыні райвыканкама Пятра Шукаловіча, старшыні райсавета дэпутатаў Аляксандра Пузіка, намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Шаўлюгі.
Асноўным прадметам размовы з землякамі, што і адпавядала ўстаноўленай тэматыцы, сталі вынікі V Усебеларускага народнага сходу. Генадзь Браніслававіч падкрэсліў, што галоўнай мэтай гэтага мерапрыемства была магчымасць параіцца з усім народам, выпрацаваць стратэгію і дзейнічаць адпаведна ёй. А таму ў важнасці беларускага веча сумнявацца не даводзіцца: сход вызначыў напрамак і надаў новы імпульс далейшаму развіццю краіны. Давыдзька выказаў сваё захапленне тымі, хто меў слова на Усебеларускім сходзе — выступленні былі шчырымі і смелымі, уздымаліся самыя розныя праблемы жыцця беларусаў.
Не абмінуў у размове Генадзь Браніслававіч і тэму парламенцкіх выбараў. Выказаў меркаванне, што многім «сябрам» краіны недаспадобы, што кампанія праходзіць спакойна і арганізавана, аднак нікому не ўдасца парушыць нашай стабільнасці. Ну а абавязак кожнага беларуса — прыняць удзел у выбарах, аддаўшы свой голас за дастойнага кандыдата ў дэпутаты.
З задавальненнем расказаў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі аб рабоце свайго прадпрыемства. Зараз холдынг аб’ядноўвае сем тэлеканалаў і пяць радыёстанцый. Сёння шмат увагі надаецца развіццю прамога тэлеэфіру, што дае магчымасць беларусам выказаць свае меркаванні па тым ці іншым пытанні, унесці прапановы. Падзяліўся Генадзь Браніслававіч і творчымі планамі. Усіх сакрэтаў не раскрываў — павінна заставацца інтрыга! — аднак расказаў, што прыблізна ў лістападзе стартуе агульнанароднае шоу «Шчаслівы вечар», у якім шанс паўдзельнічаць будзе мець кожны тэлеглядач. Прыхільнікаў беларускага тэлебачання чакае шмат цікавай інфармацыі і каштоўныя прызы. Так што, землякі, як кажуць, трымайце руку на пульсе.
Адказаў Генадзь Давыдзька і на пытанні, якія паступілі ад удзельнікаў сустрэчы. Размова ў асноўным ішла пра спартыўны тэлеканал «Беларусь-5»: хацелася б, каб больш трансліраваліся, у тым ліку, і рэгіянальныя спартыўныя падзеі.