У нядзелю адна са станцый Асіповіцкага чыгуначнага вузла — Дараганава — адзначыла сваё 120-годдзе. На свята сабраліся як жыхары, аднайменнага паселішча, так і памежных вёсак, з якімі таксама звязана яе гісторыя. Многія прыехалі з розных куткоў нашай краіны, каб разам з землякамі ўспомніць маладосць, якая прайшла на Дараганаўшчыне. Павіншавалі цяперашніх і былых чыгуначнікаў і іх сем’і са значнай падзеяй старшыня райсавета Аляксандр Пузік, кіраўнік мясцовага сельвыканкама Тамара Валадзько, намеснік начальніка Асіповіцкай дыстанцыі пуці Мікалай Праташчык.
Дырэктар школьнага краязнаўчага музея Жанна Караленя нагадала прысутным, з чаго пачыналася Дараганава.
Адметна, што на мерапрыемстве прысутнічала і 76-гадовая Надзея Барысаўна Дараган-Маршан (на здымку зверху), прапраўнучка Восіпа Дарагана, якая жыве ў Францыі. Яна ўжо 8 гадоў падтрымлівае сувязі са школьным музеем. Па яе словах, доўга не рашалася наведаць мясціны, звязаныя з продкамі. Дзякуючы знаёмству з людзьмі, якія з вялікай павагай адносяцца да яе роду, усё ж такі адважылася на прыезд, пераадолеўшы шлях больш чым у 2 тысячы кіламетраў. Жанчына прайшлася-праехалася па маршрутах, па якіх калісьці хадзілі паны Дараганы, пазнаёмілася з жыццём вяскоўцаў. Падчас прывітальнага слова выказала шчырую падзяку ўсім, хто спрычыніўся да захавання памяці аб яе родзе. А яшчэ пакінула ў дар музею каля 10 цікавых экспанатаў, звязаных з сямейнай гісторыяй.
Вядучыя ўзгадвалі тых, чый лёс быў звязаны са станцыяй на працягу яе існавання. Гэта Парфеній Iванавіч Цешчанка, Сяргей Пятровіч Лагодскі, якія кіравалі ёй у пачатку мінулага стагоддзя. Прыкладна з першай паловы 20-х і па другую 40-х гадоў на чале стаяў Захар Макаравіч Дзюба. (Дарэчы, яго ўнук Васілій Бабушкін, старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук краіны, прыехаў на свята, каб павіншаваць дараганаўцаў з важнай падзеяй — аўт.). У 1948 годзе начальнікам працаваў А.Ф.Карпухін. Работнікі станцый часта не мелі спецыяльнай адукацыі. Гэта былі практыкі. Дзяжурныя па станцыі рыхтаваліся са стрэлачнікаў, начальнікі станцый — з дзяжурных па станцыі ў дарожных тэхнічных школах Магілёва і Баранавіч.
У 1958 годзе на ўчастку Асіповічы-Слуцк з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй працавалі толькі тры чалавекі. У Дараганаве — дзяжурная па станцыі Соф’я Паўлаўна Прэдка. Яна, а затым Уладзімір Саўкін і Уладзімір Хурсік узначальвалі станцыю з 1965 па 1970 гады. Пасля на змену прыйшоў Сяргей Захаравіч Глякаў, які гэтай пасадзе аддаў 14 гадоў. У 1984 гаспадыняй стала Таццяна Васільеўна Праташчык, якая неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі, падзякамі, а летась удастоена нагруднага знака «За добрасумленную працу на Беларускай чыгунцы» III ступені.
Званні Ганаровых чыгуначнікаў маюць Мірон Гоцін, які быў таксама ўзнагароджаны ордэнам Знак Пашаны, Уладзімір Цярэнцьеў і цяперашні намеснік начальніка Асі-повіцкай дыстанцыі пуці Мікалай Праташчык.
Прагучалі і прозвішчы Сцяпана Каваленкі, Надзеі і Рыгора Толкач, узнагароджанага ордэнам Леніна, Валянціны Гоцінай, Міхаіла Яловіка, Барыса Ліхадзіеўскага, Кузьмы Зыка, Пятра Кузьміча, Антона Гершончыка, Ганны Шуляцьевай, Тамары Матус, Марыі Куянавай, Iвана Окрута, Сямёна Бараноўскага, Сяргея Бараноўскага, Марыі Бараноўскай, Анатолія Камісарава, Ніны Еўшчык, Сяргея Еўшчыка, Уладзіміра Еліна, які напісаў кнігу “Осиповичская дистанция пути”, Таццяны Старавойтавай, Леаніда Старавойтава і Аляксандра Балоцькі, многіх другіх, хто быў звязаны з работай на станцыі.
У ліку тых, хто працуе сёння, дзяжурныя па станцыі Iрына Барысік, Ніна Гершэнчык, Iнеса Клішэвіч, Марына Аляшкевіч і станцыйны работнік Наталля Міхадзюк.
А якое ж свята без песні і музыкі! Цудоўны настрой дараганаўцам дарылі калектывы мастацкай самадзейнасці «Вяселле» і «Вязанка», Дараганаўскай музычнай школы мастацтваў.
Не абышлося і без спартыўных спаборніцтваў, падчас якіх памераліся сіламі зборныя каманды работнікаў станцыі і вяскоўцаў.
Наталіць смагу і падсілкавацца таксама было дзе, так што гулянні працягваліся доўга, аж да змяркання.
Шчырыя словы ўдзячнасці за праведзенае мерапрыемства выказвалі людзі ў адрас работнікаў сельсавета, устаноў адукацыі і культуры, усім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы гэтай урачыстасці.
Даведка «АК»
Будаўніцтва станцыі пачалося, дзякуючы вялікай сям’і Дараган, у прыватнасці, Мацвею Якаўлевічу і яго жонцы Лізавеце Фёдараўне, якія ў 1894 годзе атрымалі купчую аб набыцці зямлі, што належала Марыі Вітгенштэйн. Прадаўшы сваё памесце ў Дзеднава Бабруйскага павета, Мацвей разам з братамі жонкі — Iванам і Восіпам Дараганамі — сталі ўладальнікамі каля 20 тысяч дзесяцін зямлі паблізу рэк Пціч і Свіслач. Але сельскай гаспадаркай Дараганы не збіраліся займацца. Мацвей, напрыклад, вырашыў на сваёй тэрыторыі пабудаваць чыгуначную ветку ад Асіповіч да Старых Дарог, на ёй — станцыю ў прыдатным месцы, з якой можна было б адгружаць сплаўлены па рацэ высечаны лес, грузіць яго ў вагоны і адпраўляць на продаж.
Так і сталася. 28 снежня 1896 года пасажырскі і таварны рух ад станцыі Асіповічы да Старых Дарог распачаўся. Будаўніцтва чыгункі, якое выконвала фірма “Поляк”, вялося пад тэхнічнам наглядам інжынера шляхоў зносін сапраўднага саветніка, начальніка Рыга-Арлоўскай чыгункі Восіпа Дарагана. Дарогу ўзводзілі з дапамогай конных падвод, кірак, тачак, ломаў і рыдлёвак каля 9 месяцаў. Адначасова будаваліся 2 станцыі, адна з іх — Радуцічы, па столькі ж раз’ездаў і мастоў, інжынерныя збудаванні, лесапільны завод.
Мацвей Дараган разумеў, што разам з удасканальваннем чыгункі патрэбна развіваць прамысловасць, гандаль. Для гэтага патрэбны людзі, якія б маглі справіцца з ускладзенымі на іх абавязкамі. Са сваіх былых уладанняў у Бабруйскім павеце ён запрасіў яўрэяў-рамеснікаў. Разам са сваімі майстэрнямі сюды пераязджалі абутнікі, кавалі, гандляры, аптэкар, карчмар і іншыя. Нездарма да гэтага часу адна з самых працяглых вуліц Дараганава называецца Бабруйскай. Пазней паселішча атрымала статус “мястэчка”, што давала льготы і прывілеі пры падаткаабкладанні.
Менавіта пасля смерці Мацвея Дарагана ў 1900 годзе Лізавета Дараган накіравала прашэнне мінскаму губернатару аб тым, каб у знак заслуг мужа пры пабудове чыгункі перайменаваць станцыю Радуцічы ў станцыю Дараганава, на што быў атрыманы дазвол губернскага начальства. Камсамольцы з Радуціч пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі прапаноўвалі назваць мястэчка Паланеева — у гонар камандзіра партызанскага атрада Апанаса Кузьміча Паланейчыка, загінуўшага ў час грамадзянскай вайны. Але дараганаўцы адстаялі сваю назву.
Пасля адступлення белапалякаў у чэрвені 1920 года на станцыі былі спалены станцыйны будынак, вадакачка, пакгауз і мост цераз раку Пціч, сапсавана 5 стрэлак. Многа сіл спатрэбілася чыгуначнікам, каб аднавіць рух цягнікоў. У 1932 годзе пачалося будаўніцтва другога галоўнага пуці на стратэгічна важным участку Асіповічы-Слуцк. Работы былі закончаны ў сярэдзіне 30-х. Падчас Вялікай Айчыннай немцы цалкам вывелі са строю на ўчастку Асіповічы-Слуцк абодва пуці. Пасля вайны быў адноўлены толькі адзін. На станцыі існавала свая ветка, якая ішла да леспрамгасаўскага лесасплаву. Да пачатку 90-х гадоў тут было 5 пуцей, цяпер засталося тры.