У нядзелю — Дзень работнікаў гандлю
У значнай ступені менавіта стан гандлёвай сістэмы рэгіёна можна лічыць індыкатарам заможнасці мясцовага грамадства. Таму ёсць нагода пацікавіцца тым…
…хто дапамагае землякам набываць патрэбныя тавары?
Рознічным гандлем у раёне займаецца 200 юрыдычных асоб і 260 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія забяспечваюць патрэбы землякоў праз 360 крам, павільёнаў і кіёскаў, 6 буйных гандлёвых цэнтраў, 2 рынкі і 79 аб’ектаў грамадскага харчавання, у якія адначасова могуць завітаць 4.024 чалавекі.
За першыя пяць месяцаў года аб’ём рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі склаў 638,5 мільярда недэнамінаваных рублёў. Гэта крыху меней у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам — 90,9%. Тым не менш на душу насельніцтва тавараабарот — 10,8 млн рублёў праз усе каналы рэалізацыі — гэта найвышэйшы ў вобласці паказчык (за выключэннем Магілёва і Бабруйска, якія ў справаздачнай сістэме маюць асаблівы статус).
З грамадскім харчаваннем наш раён традыцыйна не ў лідарах: 11 месца ў вобласці, хаця асіповіцкі паказчык — 395,3 тысячы рублёў на чалавека — вышэй за сярэднеабласны (388 тысяч).
…куды вядзе гандляроў здаровая канкурэнцыя?
Пра тое, што ўяўляе сабой сапраўднае змаганне за кашалёк і прыхільнасць пакупніка, асіпаўчане даведаліся пасля з’яўлення ў рэгіёне буйных гандлёвых сетак. Прыведзеная табліца красамоўна дэманструе дынаміку гэтай “бітвы тытанаў”.
Можна дадаць да лічбаў не менш ёмкія факты. ААТ “Гандаль” днямі здало ў арэнду Глускаму райста чатыры свае крамы і кафетэрый. Сярод іх знакавыя для асіпаўчан магазіны “Цэнтральны”, “Пціч” і “Лазурны”. Новыя гаспадары асталяваліся ў памяшканнях, дзе раней былі гандлёвыя аб’екты “Жэлдорсэрвіса”. ТАА “ТРІВЭ” — у вёсцы Верайцы, на вуліцах Патоцкага і Крыловіча ў Асіповічах. ПГУП “Ерыстрэйд” — у аграгарадку Дараганава. Гандаль, як і прырода, не церпіць пустаты.
…як стымулюецца спажывецкі попыт?
Дзейснай мерай у гэтай справе можна лічыць дазвол гандлёвым аб’ектам працаваць больш часу. Зараз усе крамы ЗАТ “Дабраном” і магазін ТАА “Еўрагандаль” адчынены да 22.00 гадзін, ТАА “Чыстыя крыніцы” — да 24.00.
З мэтай павелічэння тавараабароту і пашырэння рынкаў збыту айчыннай прадукцыі аддзел эканомікі райвыканкама прапанаваў 6 буйнейшым беларускім вы-творцам адкрыць у нашым горадзе фірменныя крамы.
Ці зацікавіць узгаданых “грандаў” наш раён, пакуль невядома, а вось планы мясцовых гандляроў досыць акрэсленыя. Да канца года асіповіцкія бізнесмены плануюць адкрыць пяць магазінаў рознага профілю. Да таго ж ААТ “Гандаль”, Асіповіцкае райста, ТДА “Кастонер”, ІП Пахоменка Н.М. — маюць намер у тыя ж тэрміны запусціць у эксплуатацыю 4 пункты грамадскага харчавання.
Яшчэ адзін комплексны гандлёвы аб’ект запланаваны на крыху больш далёкую перспектыву — да канца 2017 года. Кафэ і магазін, чыё ўзвядзенне па-вінна пачацца ўжо ў хуткім часе, будуць з’яўляцца часткай аўтазапраўкі, якую РДУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт” збіраецца будаваць на 74 кіламетры аўтадарогі Мінск-Гомель.
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.
Матэрыял падрыхтаваны паводле інфармацыі, прадастаўленай аддзелам эканомікі райвыканкама.