Са студзеня па май гэтага года ў нашай газеце публікаваліся матэрыялы “Аб чым пісала “раёнка” ў 1966, 1976, 1986, 1996 і 2006 гадах”. Гістарычная рэтраспектыва прысвячалася 85-годдзю выдання і рабілася з выкарыстаннем рэдакцыйнага архіва. Самая старая падшыўка ў ім датуецца 1965 годам, адсюль і маштаб праекта.
Наш пастаянны чытач Павел Качановіч пасля знаёмства з газетным праектам вырашыў дапоўніць узгаданую серыю публікацый, перадаўшы ў рэдакцыю частку асабістага архіва.
У свой час Павел Сяргеевіч узначальваў камісію па выданні раённай хронікі “Памяць” і па службовым абавязку працаваў у разнастайных архівах — збіраў інфармацыю па гісторыі раёна. Сярод дакументаў, якія прайшлі праз яго рукі, была і падшыўка газеты “Савецкая Радзіма” за 1944-1945 гады. У той час яна з’яўлялася органам друку Бабруйскай вобласці, у склад якой уваходзіў Асіповіцкі раён.
Павел Качановіч рабіў выпіскі фактаў, якія падаліся цікавымі. На жаль, рукапісныя лісты захаваліся не ў лепшым стане, таму частку запісаў расшыфраваць было немагчыма. Аднак і тое, што ўдалося прачытаць, досыць выпукла перадае атмасферу таго — ва ўсіх сэнсах незвычайнага — перыяду, пачаткам якога стала вызваленне Асіповіцкага раёна, а завяршэннем — Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне.
Сярод галоўных спраў — адукацыя
Вялікую работу прарабіў Асіповіцкі РайАНА па аднаўленню і абсталяванню школ. Пасля нямецкага гаспадарання засталося ўсяго 14 школ, а астатнія 46 былі спалены.
За кароткі тэрмін сіламі вучняў і настаўнікаў былі адрамантаваны 60 школ. Зараз у гэтых школах навучаюцца 10.942 вучні (“Школы адноўлены”, № 4 ад 21 кастрычніка 1944 года).
На сённяшні дзень у Асіповічах працуюць нармальна школы і педагагічны кабінет. Для таго, каб маладыя педагогі мелі штодзённую сістэматычную дапамогу ў рабоце, да іх прымацавалі больш вопытных педагогаў. Створаны куставыя і сельскія метадычныя аб’яднанні, якія працуюць рэгулярна і сур’ёзна.
Пры пед. кабінеце працуе актыў педагогаў. Лепшыя планы і канспекты ўрокаў паступаюць у педкабінет для дапамогі маладым настаўнікам. Таксама арганізаваны адчыненыя ўрокі. (“Педагагічны кабінет пачаў працаваць”, № 11 ад 17 лістапада 1944 года).
Як аднаўлялася прамысловасць
Асіповіцкі раённы прамысловы камбінат — дырэктар тав. Сухоцкі — пачаў сваю дзейнасць з першых дзён пасля вызвалення раёна. За гэты перыяд адноўлены і даюць прадукцыю: 2 млыны, лесапільны завод і сталярная майстэрня. Райпрамкамбінат ставіць сваёй мэтай да 1 студзеня 1945 года поўнасцю аднавіць лесаапрацоўчыя прадпрыемствы, устанавіўшы там цыркулярку, фугавальны, тарцовы і свідравальныя станкі. Арганізаваць у раёне кавальскую, шавецкую і кравецкую майстэрні. (“Першая прадукцыя”, № 15 ад 25 лістапада 1944 года).
Свіслацкі шклозавод “Акцябр” належыць да ліку старэйшых прадпрыемстваў вобласці. Ён пабудаваны яшчэ ў 1912 годзе. Але завод асабліва вырас, аснасціўся навейшай тэхнікай за гады сталінскіх пяцігодак. Яго прадукцыя ішла ва ўсе куткі нашай рэспублікі. Нямецкія захопнікі спалілі не толькі завод, але і рабочы пасёлак. З прыходам Чырвонай Арміі пачалося аднаўленне. Сваё слова — пусціць завод да 27 гадавіны Кастрычніка — калектыў стрымаў. Напярэдадні свята дана першая партыя шкла. У далейшым перад работнікамі прадпрыемства паўстала сур’ёзная задача па наладжванню вытворчага жыцця, павелічэнню выпуску прадукцыі (№ 18 ад 6 лютага 1945 года).
Яшчэ восенню калектыў торфазавода пачаў старанную падрыхтоўку да сезона 1945 года. Было падрыхтавана звыш 150 гектараў балота, адноўлена і пракапана 15 км каналаў. Торфаздабываючыя машыны, транспарт, жылыя і культ.-бытавыя памяшканні завода, абсталяванне цэхаў і электрастанцыя былі поўнасцю знішчаны немцамі.
Каб пусціць прадпрыемства ў ход, патрабавалася выключная энергія, і тарфянікі аддана працавалі ў рабочыя гадзіны і ў няўрочны час. Старанне дапамагло. Поўнасцю адрамантавана 5 торфаздабываючых машын, зроблена 21 ваганетка, перашыта 12 км вузкакалейных ліній, пушчана ў ход электрастанцыя, працуе лесапільны цэх, у якім устаноўлены піларама і цыркулярная піла. На 1200 чалавек адрамантавана жылых будынкаў. (“Торфазавод “Татарка”, № 35 ад 6 сакавіка 1945 года).
Чыгунка, прыроўненая да фронту
Адступаючы, немцы поўнасцю разбурылі Асіповіцкі чыгуначны вузел. Асабліва вялікія страты нанеслі вагоннаму ўчастку. Пасля вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў чыгуначнікі старанна ўзяліся за аднаўленне вузла. Хутка пачаў дзейнасць пункт тэхнічнага догляду вагонаў, быў адрамантаваны пад’ёмны механізм, пабудавана памяшканне рэзерву паязных і вагонных майстроў.
Добра арганізаваў работу і вагонарамонтны пункт. За кароткі тэрмін адноўлены механічны і кузнечныя цэхі. Ужо ёсць неабходны рамонтны і слясарны інструмент. Пушчана ў ход піларама. Адноўлены дрэваапрацоўчы цэх і аўтакантрольны пункт. Усе работы праводзіліся пад кіраўніцтвам інжынера Цвірко. Асабліва вызначылася брыгада сталярнага цэха тав. Бандарэнка, якая кожны дзень давала паўтары нормы. Шмат стараннай працы прылажыў майстар аўтакантрольнага пункта тав. Пятроў. Апрача таго, калектыў вагонарамонтнага пункта, стаўшы на стаханаўскую вахту, у 1944 годзе план рамонту вагонаў выканаў на 120%.
Маладыя чыгуначнікі Асіповіцкага вузла сустракаюць 1 мая новымі вытворчымі поспехамі. Камсамольская брыгада аўтаматчыкаў вагонарамонтнага парка (брыгадзір тав. Чарвякоў) яшчэ 24 красавіка выканала месячны план на 200 працэнтаў. Вызначыліся сваёй стараннасцю камсамольцы Чарвякоў, Пярохіна, Маруніна.
Другая камсамольская брыгада калёснікаў вагоннага парка (брыгадзір Капралаў) красавіцкае заданне перакрыла ў два разы. Яны адрамантавалі звыш плана 47 калёсных пар. Абедзве брыгады носяць ганаровую назву франтавых.
Не адстаюць і камсамольцы паравознага аддзялення дэпо. Старшыя машыністы паравоза № 744-32 Сокалаў і Ахметаў дабіліся павышэння тэхнічнай скорасці на 4 кіламетры ў гадзіну. Iмі правезена 5 цяжкавагавых паяздоў. Пры гэтым зэканомлена 5% паліва. На станцыі створана камсамольска-маладзёжная змена (старшы па змене Мініч). Яна не дапускае браку ў рабоце, мае выдатныя паказчыкі. Камсамольцы-чыгуначнікі Асіповіцкага вузла ідуць у авангардзе. (№ 70 ад 29 красавіка 1945 года).
Адраджэнне калгасаў
У Асіповіцкім раёне адбылася нарада жывёлаводаў з удзелам партыйнага і гаспадарчага актыву. З дакладам аб развіцці жывёлагадоўлі ў калгасах выступіў першы сакратар Асіповіцкага РК КП(б) тав. Голант, які адмеціў, што ў раёне арганізавана 64 малочна-таварныя фермы, адноўлена 28 птушкаферм. Нарада прыняла рашэнне да 1 студзеня аднавіць на 20 больш малочна-таварных ферм у калгасах, забяспечыць жывёлу цёплай зімоўкай. Для нармальнага догляду жывёлы к 25 лістападу саставіць нормы і планы расходаў па грубых і сочных кармах.
Ад маючага пагалоўя ската шляхам добрага догляду яе дабіцца ў 1945 годзе атрымання ад кожнай каровы цялёнка, атрымаць у сярэднім 1400 літраў малака, ад 100 аўцаматак — 130 ягнят (№ 16 ад 27 лістапада 1944 года).
Перад вайной у кожным калгасе Асіповіцкага раёна было 4-5 ферм, у якіх налічвалася 8766 галоў буйнога рагатага ската, 5550 коней, 5867 авечак. Шляхам завозу жывёлы з усходніх абласцей, збору і кантрактацыі маладняка ў калгаснікаў па раёну ўжо адноўлена 57 ферм буйной рагатай жывёлы, 28 аўцаферм, 45 птушкаферм. Арганізаваны таксама свінагадоўчыя фермы. У кожным калгасе ёсць конефермы. (№ 21 ад 11 лютага 1945 года).
Калгасы раёна, паспяхова закончыўшы засыпку насенных страхавых і фуражных фондаў, зараз разгарнулі дзейнасць па засыпцы спецыяльнага фонда ў дапамогу сем’ям франтавікоў і інвалідаў Айчыннай вайны з асабістых запасаў калгаснікаў.
На спецыяльна скліканым сходзе члены сельгасарцелі імені Варашылава Ясеньскага сельсавета дружна выступілі за арганізацыю дапамогі сем’ям франтавікоў, і ў выніку такой актыўнасці засыпана ў фонд дапамогі 177 кілаграмаў зерня і 386 кг бульбы. (“У дапамогу сем’ям франтавікоў”, № 15 ад 31 студзеня 1945 года).
Лясная гаспадарка — стратэгічны рэзерв
Калгаснікі змагаюцца за хутчэйшае выкананне плана 1-га квартала па нарыхтоўцы і вывазу леса. Створаны ўсе ўмовы для высокай прадукцыйнасці працы. Асабліва энергічна працуюць лесарубы і возчыкі Лапіцкага сельсавета. На 20 студзеня месячнае заданне па нарыхтоўцы лесу выканалі на 110%, па вывазцы — 100%.Члены сельгасарцелі “Бальшавік” Касы Т. і Бычанок Т. норму выпрацоўкі выконваюць на 130%. Добра арганізаваў справу Вязскі лесаўчастак. Тут квартальны план лясных работ выкананы на 200%. Першае месца па леспрамгасу заваявала брыгада жанчын-лесарубаў (брыгадзір тав. Шылянок У.). (“У Асіповіцкіх лясах людна”, № 16 ад 2 лютага 1945 года).
Асіповіцкі лясгас у ліпені 1944 года ўжо прадстаўляў сабой гаспадарчую адзінку, якая аб’ядноўвала 10 лясніцтваў, а на пачатку жніўня прыступіў да выканання плана.
Вытворча-гаспадарчым аддзелам закончаны работы па абследаванню лясоў на захламленасць і ступень пашкоджання насаджэнняў. Гэта дало магчымасць больш правільна запраектаваць і адвесці лесасечны фонд. На 1 снежня мінулага года было адведзена і нарыхтавана лесафонда на плошчы 1547 гектараў і непакрытыя лесам участкі плошчай 2014 гектараў. Намечаны мерапрыемствы па аднаўленню лесу.
Планам па ўцільцэху прадугледжана вытворчасць не толькі вырабаў шырспажыва, але і выкананне заданняў па нарыхтоўцы, вывазцы і адгрузцы крапяжу, дроў і спецдраўніны.
План 4 квартала 1944 года па нарыхтоўцы крапяжу выкананы на 303%, па вывазцы — на 325%, спецдраўніны — на 376%.
Стаханаўскімі метадамі працы лепшыя лесарубы дабіліся высокіх паказчыкаў. Сідалія Пятровіч дае 2 нормы за дзень. Антон Шклярэўскі і Кузьма Дзівак выконваюць нормы на 150% (Каменскае лясніцтва). Лесарубы Акцябрскага лясніцтва Фёдар Багдановіч і Якаў Бурак даюць 150% дзённай нормы. (№ 17 ад 4 лютага 1945 года).
Кіруючая роля кампартыі
Асіповіцкая партарганізацыя адна з буйнейшых у Бабруйскай вобласці. Яна налічвае 2 пярвічныя партарганізацыі і 8 кандыдацкіх груп. (№ 84 ад 22 мая 1945 года).
За час падрыхтоўчага перыяду да справаздачна-выбарчых сходаў у Асіповіцкім раёне ў камсамол уступіла 167 чалавек і ўноў арганізавана 9 камсамольскіх арганізацый. (№ 44 ад 22 сакавіка 1945 года)
Вестка аб канчатковым разгроме і безагаворачнай капітуляцыі Германіі маланкай абляцела ўвесь раён. На прадпрыемствах, у калгасах, ва ўстановах, школах і на чыгуначным вузле адбыліся мітынгі, якія ператварыліся ў магутную дэманстрацыю адзінства, згуртаванасці працоўных, іх бязмежнай любові да Радзімы.
9 мая, 11 гадзін раніцы. Працоўныя раённага цэнтра і чыгуначнікі сабраліся ўрачыста адзначыць свята перамогі. Мітынг адкрыў старшыня выканкома райсавета дэпутатаў працоўных Гнядзько. Затым сакратар абкома КП(б)Б Пласаў, намеснік начальніка аддзялення службы руху Трафімаў. (№ 77 ад 11 мая 1945 года).
* * *
…Да адраджэння народнай гаспадаркі раёна трэба было прыкладваць яшчэ многа намаганняў, аднак падмурак далейшага развіцця Асіповіччыны быў закладзены менавіта за 11 першых мірных для Беларусі месяцаў.
(У тэксце захавана граматыка рукапісу)