Я і сёння не ведаю: д’ябал ці Бог
Нас з табой разам звёў у жыцці,
Толькі я без цябе ні на кроплю б не змог
Супакоенасць сэрцу знайсці.
Аб табе ў маладосці далёкай сваёй
Не трызніў я ніколі у ложку начамі,
I, калі ты навекі ўжо стала маёй,
Не было слоў высокіх, прыгожых між намі.
Я ў любові табе не пакляўся ні разу,
Не назваў я цябе ні адзінай, ні мілай,
Хаця ты, бы якая атрута-зараза,
Маё сэрца навек, назаўжды прысушыла.
Вы імя яе, мабыць, жадаеце знаць?
Не трымаў я ніколі таго у сакрэце.
I хачу вам адкрыта і шчыра сказаць,
Што была той каханкай работа ў газеце.
Сёння проста няўцямна і сорамна мне:
Ў журналісты ісці хлопцы штосьці не рвуцца,
I таму у любым рэдакцыйным акне
Толькі твары дзяўчатак прыгожых смяюцца.
Часам мне адрасуюць як кпін ці папрок:
“Вам лягчэй і прасцей было выпусціць нумар:
Ўся газета — на нейкіх А тры чатырох”.
Маўляў, справіцца можна без шуму і тлуму.
Так, чатыры старонкі. Ды тройчы на тыдзень.
I не быў у памочніках ў нас інтэрнэт.
Журналіст раней быў не гультай і не злыдзень,
Не абшарваў у пошуках фактаў сусвет.
Мы рабілі газету — не дошку рэкламы.
Пра даходы, прыбыткі размоў не вялі.
Ў ганарарах мізэрных не бачылі драмы.
Мы адным калектывам з’яднаным былі.
Мы жылі і тварылі глуздамі сваімі,
Галавою уласнай давалі радкі.
…А што сёння не так — я кажу: а Бог з імі!
Мабыць, змены насталі, і час не такі.
Я хачу, каб і далей квітнела “раёнка”,
Каб дарадцай праўдзівай ўваходзіла ў дом,
Каб гучаў яе голас прыгожа і звонка.
Каб змагалася мужна і стойка са злом.
…Вы прабачце мяне, маладыя калегі,
Калі часам успрымеце крыўдна папрок:
Перад роднай “раёнкай” згінаю калені:
Я сябе аддаваў ёй заўжды, колькі мог.
Анатоль ТАМАШЭЎСКI, былы галоўны рэдактар.