Нават спорны вясновы дождж не стаў перашкодай для правядзення ў гарадскім парку свята, прысвечанага Першамаю. Гэты дзень сімвалізуе імкненне чалавека да стваральнай працы, міру і дабрабыту, служыць адпраўной кропкай для добрых пачынанняў і цікавых перспектыў, гэта бурнае цвіценне прыроды, усмешкі і радасны настрой, цёплыя сустрэчы ў крузе сям’і і сяброў.
1 Мая традыцыйна віншуюць працаўнікоў розных сфер дзейнасці, тых, хто сваёй справай памнажае багацце роднага населенага пункта, раёна і ўсёй краіны. Гучалі словы прывітання прадстаўнікам шматлікіх прафесій. Шмат гадоў на абароне інтарэсаў працоўных стаіць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, свае найлепшыя пажаданні асіпаўчанам выказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Паргачова. А кіраўнік райарганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Юрый Корбан не толькі павіншаваў землякоў, але і падарыў некалькі музычных нумароў.
На сцэне ў гэты дзень выступала нямала самадзейных артыстаў: дзіцячая школа мастацтваў № 2, выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, МПЦ “Равеснік”, школа танцаў “Фарт” — святочная праграма ішла на працягу трох гадзін. Для многіх выступленне было дэбютным, а таму асабліва запамінальным. Як, напрыклад, для групы “Смайлікі” ЦТДіМ.
Тут жа, у парку, можна было набыць усялякія пачастункі — працавалі павільёны ААТ “Гандаль” і прыватныя гандлёвыя кропкі. Наведвальнікаў чакалі сувеніры і атрыбуты свята, дзяцей вабілі гульнёвыя пляцоўкі. Думаецца, асіпаўчане, якія выбралі ў гэты дзень адпачынак у гарадскім парку, не пашкадавалі.