Дзень Перамогі шануюць, да яго рыхтуюцца, адзначаюць, успамінаюць. У кожнай сям’і берагуць фотаздымкі, пісьмы-трохвугольнікі, іншыя дакументы. Не захаваліся — жывуць успаміны старэйшага пакалення, што ўжо сталі легендай. Памяць перадаецца моладзі…
Сімвалічна, што Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга краіны адзначаўся напярэдадні свята Вялікай Перамогі.
6 мая
У гэты дзень да ўсіх помнікаў спяшаліся людзі, каб аддаць даніну павагі тым, хто набліжаў вызваленне на фронце і ў партызанскім атрадзе, працуючы на станку далёка ад лініі баёў ці вырошчваючы збожжа.
У райцэнтры мітынгі прайшлі на брацкіх магілах партызан Вялікай Айчыннай вайны ў скверы па вуліцы Абросімава і савецкіх воінаў, партызан і мірных жыхароў каля вёскі Цяплухі.
Гучалі словы падзякі героям вайны за адстаяную свабоду. Выступалі жывыя сведкі тых страшных падзей, прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, школьнікі. Кіраўнікі і дэлегацыі працоўных калектываў ускладалі да помнікаў вянкі і кветкі, а потым усе схілілі галовы ў жалобе, ушанаваўшы мінутай маўчання памяць аб тых, хто не вярнуўся са свайго поля бою.
На ўрачыстасцях было шмат дзяцей. Некаторыя з іх папоўнілі рады піянераў, а старшакласнікі менавіта каля свяшчэнных месцаў атрымалі білеты членаў БРСМ, абяцаючы стаць дастойнымі прадаўжальнікамі традыцый равеснікаў саракавых і гэтак жа любіць сваю Радзіму.
9 мая
Святочныя мерапрыемствы распачаліся на цэнтральнай плошчы горада лёгкаатлетычнай эстафетай памяці Героя Савецкага Саюза Барыса Дзмітрыева, а потым перамясціліся на Алею Герояў.
На ўрачыстым мітынгу выступілі старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч, старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Пузік, Генадзь Вепраў, дзяцінства якога пачалося ў блакадным Ленінградзе, вучань СШ № 3 Павел Татур. Прысутнічала і дэлегацыя з горада-пабраціма Сынджэрэй на чале з Васілём Марандзюком. Малдоўскія госці свята захоўваюць памяць аб тым, як у гады вайны нашы народы поплеч змагаліся супраць фашызму, шануюць ветэранаў, а асіпаўчанам пажадалі еднасці, мэтанакіраванасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Далучыліся землякі і да акцыі «Бессмяротны полк», якая набыла ўжо сусветныя маштабы і мае вялікі выхаваўчы сэнс. Гімназісты прыйшлі з партрэтамі прадзядуль і прабабуль, пра якіх ведаюць і якімі ганарацца.
Безумоўна, самае ганаровае месца на ўрачыстасцях было адведзена ветэранам вайны, якія сядзелі ў першым радзе, згуртаваўшыся цеснай купкай. Яны — прыклад стойкасці, мужнасці і гераізму, жыццё кожнага — гатовы сюжэт для твора.
Для тых жа, каго абмінула ваеннае ліхалецце, быў прадстаўлены яе фрагмент — ваенна-гістарычная рэканструкцыя бою, падрыхтаваная Андрэем Торбіным, Юрыем Сцяпанавым і выхаванцамі Цэнтра турызму і краязнаўства. Хлапчукі заварожана сачылі за дзеяннямі салдат, відаць, уяўлялі сябе ў тых умовах і бачылі героямі — аб гэтым казалі засяроджанасць і бляск у вачах будучых абаронцаў Айчыны.
Канцэртная праграма, якую падрыхтаваў раённы Цэнтр культуры, складалася з нумароў, адрасна накіраваных кожнаму з ветэранаў. Дзеці і дарослыя артысты ад душы выконвалі песні і танцавалі, радуючы гасцей.
У той жа час удзельнікі свята мелі магчымасць наведаць «гаспадарчыя падворкі», аформленыя ўстановамі сістэмы культуры, набыць які-небудзь выраб мясцовых рамеснікаў, памерацца сіламі ў шахматным турніры. А, пакаштаваўшы кашы з паходнай кухні, адчуць сябе і байцом на прывале. Малыя наведвалі атракцыёны, каталіся на арэлях ці сапраўдным поні, а ўсюдыісныя хлапчукі, асядлаўшы пушкі, «імчаліся» ў бой. Словам, кожны знаходзіў сабе занятак па душы, настрой ва ўсіх быў прыўзняты.
Цэлы дзень быў напоўнены займальнымі мерапрыемствамі, якія змянялі адно другое. Калі скончыўся канцэрт, прысвечаны Дню Перамогі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Раманчук адкрыла раённы фестываль «Веснавыя колеры». А вечарам распачалася танцавальна-забаўляльная праграма.
Уражанні ва ўсіх асіпаўчан і гасцей раёна, якія наведалі святочныя мерапрыемствы, засталіся самыя прыемныя. А словы верша ўдзельніка вайны Міхаіла Паўлавіча Падвойскага, якія прагучалі са сцэны, — са- праўднае пажаданне ўсім нашчадкам:
Працуйце! Стварайце! Няхай вам пашчасціць!
Яшчэ я ўсім шчыра жадаю адно:
Каб страшныя войны прыйшлося вам бачыць
Толькі — і толькі — ў кіно!
Іна ЗАСКЕВІЧ. Фота Ніны Царык.
71 год пад мірным небам
Вайна была вялікаю бядою,
Вялікай стратай у жыцці людзей.
Прынесла боль і слёзы за сабою,
Адняла жыццяў шмат і шмат надзей.
Жах, смерць і боль усіх кранулі —
Дык колькі ж не вярнулася з вайны?
Сыноў не дачакаліся матулі,
Бацькоў не дачакаліся сыны…
Ніхто з іх больш не мог пачуць, убычаць
Сваіх бацькоў, сваіх братоў, сыноў.
Усё трэба падлічыць, усё пазначыць —
Ды толькі страты ўсе прыблізныя ізноў…
Як добра, што ў сучасны час не бачыў
Ніхто з нас гэтай страты ад вайны.
I варта, каб сабе кожны адзначыў,
Што трэба памятаць: загінулі яны!
Загінулі, каб бачылі мы неба,
Каб родных бачылі і памяталі ўсе,
Што толькі мірна жыць усім нам трэба.
Каб ваявалі людзі толькі ў сне…
Настасся НАЗАРОВIЧ.