5 мая на базе ДДЛГУ «Асіповіцкі доследны лясгас» прайшла выязная нарада камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама з удзелам кіраўнікоў прадпрыемстваў, аб’яднанняў і іншых структур, якія ўваходзяць у сельскагаспадарчую сферу ці цесна з ёй звязаныя.
Выбар суб’екта гаспадарання для знаёмства быў невыпадковы: Асіповіцкі лясгас на сёння лепшы па выніках работы па Магілёўскаму ПЛГА і другі ў рэспубліканскім галіновым рэйтынгу. I падабраныя для дэманстрацыі аб’екты давалі поўнае ўяўленне аб своечасовасці ды выніковасці канкрэтных эканамічных і ўпраўленчых рашэнняў, прынятых на працягу апошніх 10-15 гадоў кіраўніцтвам калектыву.
Сядзібы Акцябрскага, Ліпенскага, Вяззеўскага і Цэнтральнага лясніцтваў — прыклад добраўпарадкавання тэрыторый, рэалізацыі праграм павышэння іміджу прадпрыемстваў лясной гаспадаркі, захавання жыцця і здароўя персаналу на рабочых месцах.
Цэх перапрацоўкі драўніны — вынік граматных інвестыцый у мадэрнізацыю вытворчасці, прадуманага да дробязей пераходу на сілкаванне мясцовымі відамі паліва і нарошчвання экспартнага патэнцыялу.
Базісны гадавальнік — укараненне новых тэхналогій у развядзенні каштоўных лясных парод.
Механізаваная нарыхтоўка драўніны з прымяненнем комплексу спецыяльных машын (харвестараў і фарвардараў) — павышэнне тэмпаў і якасці высечкі лесу з мінімізацыяй фінансавых выдаткаў і экалагічнай шкоды.
Дом паляўнічага, арганізацыя камерцыйнага палявання — развіццё ўязнога турызму.
Зразумела, удзельнікам нарады, чыя прафесіянальная дзейнасць не звязана з лясной гаспадаркай, канкрэтныя лічбы эканамічнай дзейнасці лясгаса мала што казалі. Аднак знаёмства з іх метадамі рашэння надзённых праблем і вопытам перспектыўнага планавання было дакладна карысным. На сёння лясная гаспадарка — адна з найбольш эфектыўных галін рэальнага сектара эканомікі нашай краіны, і павучыцца працаваць у лесанарыхтоўшчыкаў ды лесаводаў можна і трэба многа каму.
Молодцы, так держать, сегодня ни кому нету легкой жизни, все напрягаются и работают