Раённы бацькоўскі сход адбудзецца сёння на базе гімназіі. Яго асноўная тэма — прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх у летні перыяд, а таксама павышэнне эфектыўнасці міжведамаснага ўзаемадзеяння ў рабоце з дзецьмі.
Сезон квасу распачаты на ААТ “Асіповіцкі хлебазавод”. Смачны і карысны напітак асіпаўчане могуць набыць не толькі ў гандлёвых кропках прадпрыемства, але і іншых прадуктовых магазінах горада.
Вёска Тарасавічы стала адным з асноўных аб’ектаў добраўпарадкавання ў Карытненскім сельсавеце: нядаўна тут знесены 3 безгаспадарчыя дамы, на ліквідацыю 6 пададзены дакументы, па 11 вядзецца работа камісіі. Значная ўвага надаецца грамадзянскім могілкам, якіх на тэрыторыі 6: пасля Радаўніцы вывезена смецце з ўсіх пагостаў, выпільваюцца аварыйныя дрэвы.
Каля тысячы сямей асіпаўчан, дзе выхоўваюцца дзеці, яшчэ маюць патрэбу ў аўтаномных пажарных апавяшчальніках.
ВУП “Малочны полюс” сёлета актыўна займаецца распрацоўкай паўцвёрдых і цвёрдых сыроў у латэксным пакрыцці з працяглым — 2-3 месяцы — тэрмінам выспявання. Нядаўна наладжаны выпуск 2 новых відаў з выкарыстаннем італьянскай тэхналогіі “Пармизано де Люкс” і “Фиоре”, асвоены сыр “Truffe”. Па просьбах спажыўцоў-гурманаў на прадпрыемстве варацца сыры з водарам адтопленага малака “Черный графъ” і “Венский”.
Цукровыя буракі і тэхналогія догляду за гэтай культурай сталі тэмай семінара для аграрыяў раёна, які прайшоў пазаўчора на базе ААТ “Лапічы”. Сёлета палеткі салодкіх караняплодаў займаюць на Асіповіччыне 650 гектараў.
20 жыхароў раёна звярнуліся ў красавіку-маі з укусамі кляшчоў у інфекцыйны кабінет райпаліклінікі. Усім праведзена прафілактыка захворвання Лайм-барэліёзам.
Маршрутным таксі “Асіповіцкі экспрэс”, што звязвае райцэнтр са сталіцай, за два месяцы скарысталася каля 10 тысяч пасажыраў. Найбольш папулярныя рэйсы ранішнія — у 6.15 і 8.15, а таксама вячэрнія ў нядзелю.