Кінатэатр «Радзіма» напярэдадні Дня Перамогі правёў дабрачынны паказ мастацкага фільма «72 гадзіны», сюжэт якога заснаваны на рэальных фактах. На яго былі запрошаны ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі ветэранскіх суполак горада.
«Служу Айчыне» — так назваў сваю кнігу ўраджэнец Асіповіччыны Аркадзь Гурэвіч. На яе старонках аўтар расказвае пра ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне і пасляваенную службу, надаючы вялікую ўвагу патрыятычнаму выхаванню моладзі. Першы раздзел твора прысвечаны жыццю Дараганава ў даваенны час і пасля Перамогі, расказваецца пра населены пункт, школу, музей, землякоў. Новае выданне хутка з’явіцца ў бібліятэках.
Лясгас надзейна падрыхтаваўся да летняга пажаранебяспечнага сезона. Набыта тэхніка павышанай праходнасці: гусенічны балотаход ГТ-МУ, 2 машыны АРС-14 для тушэння пажараў. Таксама з’явілася палявая кухня для харчавання асабовага складу, 2 ёмістасці на 9 тон вады, радыёстанцыя, пажарныя рукавы і іншае абсталяванне.
Аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі РАУС паведамляе, што з мэтай процідзеяння незаконнай міграцыі, аздараўлення крымінагеннай абстаноўкі, звязанай са знаходжаннем замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, папярэджання злачынстваў на тэрыторыі раёна 17-20 мая праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Нелегал».
РАНС паведамляе: па 1 чэрвеня прадоўжыцца прафілактычная акцыя “Не пакідайце дзяцей адных!”, прымеркаваная да Дня сям’і і Дня абароны дзяцей. Мэта — прыцягненне ўвагі да праблемы дзіцячага свавольства з агнём і гібелі дзяцей на пажарах, зніжэнне колькасці надзвычайных сітуацый з удзелам дзяцей і забеспячэнне іх агульнай бяспекі.
Адрас вэб-сэрвісу аддзела ЗАГС Асіповіцкага райвыканкама цяпер — osipovichi.zags.by. Карыстальнікі сеткі інтэрнэт маюць магчымасць ажыццявіць тут папярэдні запіс на рэгістрацыю шлюбу і азнаёміцца з актуальнай інфармацыяй, якая датычыць аддзела.