Мінула тры дзясяткі гадоў, як савецкую краіну напаткала вялікая трагедыя — аварыя на Чарнобыльскай АЭС, і да цяперашняга часу дзень 26 красавіка нікога не пакідае раўнадушным. Гэта пацвердзіла і апытанне землякоў напярэдадні сумнай гадавіны.
Аркадзь Галавачанка, 65 гадоў, асіпаўчанін:
— Родам я з Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці. Якраз у тыя дні, калі ўсе даведаліся аб страшнай тэхнагеннай катастрофе, быў у гасцях у бацькоў. Хоць асабіста наш раён моцна не пацярпеў, аднак усё роўна было вялікае хваляванне за людзей, якія жылі на Брагіншчыне, Хойнікшчыне, Веткаўшчыне. Шкада тых, каму давялося пакінуць абжытыя месцы і ехаць у больш чыстую зону, насустрач невядомасці.
Алена Аляшкевіч, 44 гады, аграгарадок Осава:
— Памятаю, у тыя дні стаяла вельмі спякотнае надвор’е — такое рэдка бывала ў маі. Мы, вязаўніцкія падлеткі, разумелі, што адбылося штосьці нядобрае, з цягам часу — што і непапраўнае. Не адзін год знаёма з Марыяй Аляксандраўнай Качаргіной і яе сям’ёй, якія пераехалі ў Осава з Ельскага раёна. Кожны год бабуля стараецца на Радаўніцу бываць на сваёй малой радзіме. Бачу, якімі цяжкімі для яе бываюць гэтыя паездкі. І, канечне, не толькі таму, што ёй ужо за 70…
Міхаіл Шавярнёў, 50 гадоў, Дрычын:
— Для мяне 26 красавіка — дзень тугі па юнацтву і роднай вёсцы Хлеўна, што на Кармяншчыне. Прыгожы быў населены пункт, каля 200 дамоў, свая школка. Зараз там ніхто не жыве: усіх перасялілі ў розныя месцы. Нямала землякоў апынулася ў вёсцы Ціхінічы пад Рагачовам. Там мае сёстры, часам сустракаемся з аднакласнікамі і сябрамі дзяцінства. Не магу сказаць, што ў Дрычыне не падабаецца, але ўсё ж сюды прывялі не лепшыя абставіны. Удзячны аднавяскоўцам, што тады, у 1990-м, аказалі падтрымку. Калі б не спагада і разуменне мясцовых жыхароў, было б яшчэ больш цяжка.
Марыя Чыгілейчык, 25 гадоў, Асіповічы:
— У сілу свайго ўзросту не была сведкам тых трывожных дзён, аднак гэта не значыць, што тэма Чарнобыля не хвалюе. Тым больш, што працую ўрачом і даводзіцца сутыкацца з наступствамі — калі не прамымі, то ўскоснымі, той бяды. Крыўдна, што ўжо ніколі не зможам мець таго, што маглі, калі б не тая аварыя. Літаральна нядаўна глядзела цікавы расійскі серыял “Чарнобыль. Зона адчужэння”, дзе гэта тэма падаецца ў цікавым ракурсе і дае магчымасць яшчэ раз асэнсаваць трагедыю — раю паглядзець. Спадзяюся, што больш ніколі беларусы не сутыкнуцца з такім горам.