На паліцах магазінаў звыклым стаў пральны парашок парфумерна—касметычнай фабрыкі “Сонца” — сучаснага прадпрыемства па выпуску сродкаў бытавой хіміі, якое дынамічна развіваецца.
Вывучыўшы попыт насельніцтва, тут вырашылі ажыццяўляць выпуск прадукцыі ў розных цэнавых сегментах. “Мару” і “Чайку”, напрыклад, выбіраюць гаспадыні з сярэднім і невысокім узроўнем заробку, “April” мае больш высокі кошт і адпаведнага пакупніка.
Акрамя парашку, асвоены выпуск сродкаў для мыцця посуду “Фядора”, кандыцыянера для бялізны “SKY”, універсальнага для ўборкі дома “Усходу”, плямавыводніку і адбельвальніка “Suprim”. А гандлёвая марка “Краса” — гэта ўжо для догляду скуры і валос.
З мэтай адпаведнасці патрабаванням Еўрапейскага Саюза да сродкаў бытавой хіміі на прадпрыемстве арганізавана вытворчасць бесфасфатных пральных парашкоў, што дазваляе рэалізоўваць прадукцыю гандлёвым партнёрам з розных краін.
“Сонца” стала вядучым вытворцам сінтэтычных мыючых сродкаў на беларускім рынку з вытворчай магутнасцю 50 тысяч тон сухіх і 40 тысяч вадкіх у год. Фабрыка пастаўляе тавары ў Расію, Украіну, Казахстан, краіны Еўрасаюза — геаграфія паставак пастаянна пашыраецца. Па выніках года аб’ём экспарту склаў 67% рэалізуемай прадукцыі, якая адпраўляецца ў 13 краін свету.
Галоўны рэсурс кампаніі — працоўны. Тут занята звыш 230 чалавек, з іх амаль палова — жанчыны. Большасць ва ўзроставым дыяпазоне ад 20 да 40 гадоў. Знайшлі тут сваё рабочае месца і выпускнікі ВНУ Наталля Махтадуй, Вольга Васюк, Дзмітрый Конухаў і іншыя. Прыклад у працы паказвае Аляксандр Белікаў (на здымку).
Пры прыёме на работу ўлічваецца імкненне да дасягнення вынікаў, гатоўнасць працаваць у камандзе, браць на сябе адказнасць, — падкрэслівае дырэктар Вольга Селіверстава. — Менавіта гэтыя якасці дапамагаюць работнікам вырашаць амбіційныя задачы, якія стаяць перад кампаніяй.