“Новыя сябры, новыя ўражанні, новая прафесія, магчымасць зарабіць” – вось асноўныя перавагі дзейнасці ў студэнцкіх атрадах. Хоць на дварэ яшчэ сакавік, але план працоўнага лета ўсе зацікаўленыя ўстановы і арганізацыі пачынаюць распрацоўваць ужо зараз. З гэтай жа нагоды ў сярэдзіне месяца ў Магілёве адбыўся абласны вучэбны семінар па пытаннях арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў у працоўным семестры-2016, на якім прысутнічалі і прадстаўнікі асіповіцкай моладзі.
Як адзначае галоўны спецыяліст мясцовага райкама БРСМ Анастасія Гоціна, акрамя так званай стандартнай працоўнай праграмы, маладых людзей чакаюць і некаторыя навінкі. Напрыклад, у Мсціславе арганізуецца зводны атрад са ўсёй вобласці, які адбудуе пешаходную вуліцу ў горадзе да абласных “Дажынак-2016”. Акрамя таго, у гэтым годзе будуць стварацца выязныя працоўныя атрады. Што тычыцца апошняга, то гэта ініцыятыва з разраду “ўсё новае – гэта добра забытае старое”: у савецкія часы моладзь з задавальненнем ездзіла па ўсёй вялікай краіне і паспявала не толькі папрацаваць, але і ўбачыць новыя мясціны, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і, самае галоўнае, пажыць самастойна, адчуць водар паходнай рамантыкі, сяброўства і ўзаемападтрымкі. Цяпер такую магчымасць, толькі ў межах вобласці, атрымаюць і сучасныя студатрадаўцы.
– Зараз вядзём перамовы з арганізацыямі раёна наконт летняй занятасці моладзі, – расказвае першы сакратар РА ГА “БРСМ” Ганна Дземідок. – Традыцыйна гэта будуць будаўнічыя, сельскагаспадарчыя, экалагічныя і сэрвісныя атрады. У мінулым годзе працаўладкавалі больш за 300 хлопцаў і дзяўчынак, у бягучым прыблізна такую ж колькасць моладзі плануем забяспечыць летняй падпрацоўкай. Дарэчы, жадаючых зарабіць даволі неблагія грошы звычайна шмат, таму не марнуйце час, прыходзьце да нас.