Рэспубліканская акцыя «Тут жыве ветэран» у нашым раёне стартавала на мінулым тыдні. Прадстаўнікі райарганізацый ГА «Беларускі фонд міру» сумесна з райсаветам ветэранаў пры ўдзеле моладзі, піянераў і ваеннаслужачых, аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і адукацыі, спорту і турызму райвыканкама наведалі ўдзельнікаў вайны Міхаіла Падвойскага і Сяргея Карнеева. Каля дзвярэй кватэр, дзе пражываюць гэтыя паважаныя людзі, былі замацаваны таблічкі з надпісам: «Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу!». Гаспадары разам з кветкамі атрымалі ў падарунак кнігу «Памяць» і кнігу-сповед аб вайне, выдадзеную Віктарам Хурсікам.
Міхаіл Паўлавіч перадаў у рэдакцыю свае новыя вершы, падзяліўся з сённяшнімі салдатамі сваім меркаваннем аб тым, што вайна была іменна народнай.
Сяргей Пятровіч здзівіў моладзь сваёй салдацкай выпраўкай, якую захаваў і зараз. Былы танкіст паабяцаў прыняць удзел у раённым святочным мітынгу, прысвечаным Дню Перамогі.
Да 9 мая прадстаўнікі ўлады і грамадскіх аб’яднанняў наведаюць усіх ветэранаў вайны, і на дзвярах кожнага з’явяцца памятныя дошкі. Людзі павінны ведаць тых, каму яны абавязаны мірным жыццём!
Iна ЗАСКЕВIЧ. Фота Ніны Царык.