Толькі за мінулы год у раёне камісіяй па рабоце з маёмасцю, вернутай у даход дзяржавы, перададзена для рэалізацыі або іншага выкарыстання канфіскаваных тавараў прыкладна на 1,2 мільярда рублёў.
Расказвае галоўны спецыяліст сектара па ўпраўленні дзяржаўнай маёмасцю, прыватызацыі і прадпрымальніцтва райвыканкама Святлана Доўнар:
— Наша дзейнасць рэгламентавана Указам Прэзідэнта краіны № 559 з усімі прынятымі дапаўненнямі і змяненнямі. Усё строга па законе. Канфіскоўваюць маёмасць упаўнаважаныя органы: Камітэт дзяржбяспекі, міліцыя, падатковая інспекцыя, мытня. Пасля таго, як суд прыме рашэнне аб вяртанні арыштаваных тавараў у даход дзяржавы, у камісію, створаную пры райвыканкаме для вырашэння лёсу канфіскату, прадстаўляецца пакет дакументаў. Якасць і бяспека прадукцыі пацвярджаецца спецыялістамі. У некаторых выпадках праводзіцца экспертыза, якая фінансуецца з бюджэту. Каб накіраваць тавар у продаж, яго трэба ацаніць. Кошт рэчы залежыць ад многіх фактараў: пашкоджанасць знешняга выгляду, адсутнасць гарантыі якасці, некамплектнасць. Затым канфіскат едзе ў гандлёвыя кропкі, вызначаныя для яго рэалізацыі. У Асіповічах — гэта ААТ “Гандаль”. Пятая частка выручаных ад рэалізацыі сродкаў застаецца ў аргані-зацыі, астатняя сума ідзе ў дзяржаўны бюджэт. Калі праз месяц тавар не прадалі, гандляры могуць звярнуцца ў камісію з прапановай правесці першую пераацэнку — не больш чым на 15%. У наступным цана зніжаецца да магчымай мяжы. Буйныя ж партыі тавараў накіроўваюцца ў Мінск. Большасць лічыць, што канфіскат павінен каштаваць танна, асабліва аўтамабілі. Апошнія, як правіла, прадаюцца на аўкцыёнах. Для ацэнкі заўсёды прыцягваюцца эксперты, якія вывучаюць стан транспартнага сродку і кошт на падобны тавар на рынку і вызначаюцца з сумай на рэалізацыю.
Ёсць і маёмасць, якая належыць знішчэнню: наркотыкі, піратэхнічныя вырабы.
Самыя распаўсюджаныя катэгорыі, што выстаўляюцца на продаж, — адзенне, абутак, посуд, мэбля, электратавары, будматэрыялы, транспартныя сродкі, сантэхніка.
Абмяняць або вярнуць нельга
— Гандлюем канфіскатам больш за год, — гаворыць загадчык магазіна “Дуэт” Лідзія Каморнік. — Атрымліваем яго ад падатковай інспекцыі разам з актамі, зацверджанымі адпаведнай камісіяй. Некаторы час канфіскат захоўваецца на складзе — не маем права пускаць у продаж да рашэння суда. Вось і зараз на захаванні знаходзіцца шмат падобнага тавару. Атрымаем патрэбныя дакументы — усё разыдзецца па аддзелах з шыльдай “Канфіскаваныя тавары”.
Больш за ўсё паступае жаночага адзення: курткі, паліто, сукенкі. Часта прадаем абутак. Ёсць галантарэйныя і парфумерныя вырабы, гадзіннікі. Вялікіх чэргаў не бывае — людзі навучыліся прыцэньвацца. Навошта чалавеку набываць канфіскаваныя джынсы па 700 тысяч, калі такія ж можна знайсці напалову танней? Не дапаможа і 15-працэнтная пераацэнка. Бывае, што дарагія рэчы надоўга прапісваюцца ў магазіне і праходзяць некалькі зніжак. Стрымлівае пакупніка і тое, што куплены канфіскат абмяняць або вярнуць назад нельга.
Канфіскаваны не заўсёды танны
У магазіне № 38, што на “Баме”, таксама гандлююць канфіскатам.
— У апошні час паступае яго не так многа, як раней, — прадукцыі засталося прыкладна на 40 мільёнаў рублёў, а было ў 5 разоў больш. Прадаём шкляныя і пластмасавыя вырабы, люстры, насенне, мэблю і розную гаспадарчую дробязь. Да некаторых тавараў пакупнікі адносяцца насцярожана. Добра бралі басейны для купання. Мэбля таксама патрохі разыходзіцца, асабліва пасля чарговай пераацэнкі. Бывае, чалавек нагледзіць тавар і чакае, пакуль не надыдзе тэрмін зніжкі.
Дабраякасны, таму і ў попыце
Цэнтральная раённая аптэка № 109 перыядычна прапануе спажыўцам штокольвечы з канфіскаванага.
— Днямі прадалі апошні флакон кропель ад насмарку “Аквалор софт” на аснове марской вады, — гаворыць загадчык установы Ларыса Куўшынава. — Атрымліваем са склада, які знаходзіцца ў Магілёве, а туды тавар трапляе з Ашмянскай мытні. Кошт 125-грамовай бутэлькі— каля 80 тысяч рублёў (на інтэрнэт-сайтах — да 165 — аўт.). Сродак дабраякасны, танны, таму і разыходзіцца хутка.
Думкі ўслых
Ірына Чаропка:
— Давяраю толькі сертыфікаванаму тавару. Часта ж пад выглядам канфіскату прапануюць копіі брэндавых вырабаў з Азіі і Еўропы, асабліва гэта тычыцца парфумы. Напрыклад, сапраўдныя духі Dolce&Gabbana каштуюць звыш мільёна рублёў, а падробка — тысяч 300. Якія з іх купіць — кожны вырашае сам. Калі ж трапляецца ў рукі дабраякасная рэч, хоць і канфіскаваная, ды яшчэ і па нізкай цане, не адмоўлюся.
Вольга Суравец:
— Лічыцца, што канфіскаванае — значыць таннае. Пад гэтым соусам можна набыць небяспечную для чалавека прадукцыю, прычым не толькі ў рэальных магазінах, але і ў інтэрнэце. Ёсць дзясяткі сайтаў з тысячамі прапаноў, але паходжанне прапануемых вырабаў сумніўнае. Хаця многія робяць заказы і часта расчароўваюцца, калі ўбачаць тавар у рэальнасці. Сама аднойчы стала ахвярай такой інтэрнэт-пакупкі…
Ніна ВIКТОРЧЫК.