У мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі днямі прайшла імпрэза, якая парадавала наведвальнікаў цікавай праграмай. Асноўнымі дзеючымі асобамі яе сталі ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Вяселле”. З чым жа завітаў у галоўную скарбніцу раёна вядомы на Асіповіччыне калектыў?
— Самадзейныя артысты з Каўгароў — людзі творчыя па многіх напрамках, — гаворыць дырэктар музея Антаніна Сцяпанава. — Яны не толькі выдатна спяваюць і танчаць, але і добрыя гаспадары і гаспадыні. З ранняй вясны да позняй восені палісаднікі каўгарчан зіхацяць цудоўнымі кветкамі, агароды поўняцца розным зяленівам. Але нягледзячы на паўсядзённыя вясковыя клопаты, у людзей знаходзіцца час і на заняткі творчасцю. Акрамя захаплення народнымі спевамі, амаль усе ў вольны час займаюцца рукадзеллем: хтосьці вышывае, нехта пляце бісерам, камусьці даспадобы вязанне. Сваімі работамі маглі б аздобіць любое памяшканне. Вось і ўзнікла ідэя арганізаваць выставу, экспанатамі якой сталі непаўторныя рэчы майстрых-пявунняў. Ці будзе пачынанне мець працяг? Ёсць такая задума. Наш край багаты на таленавітых людзей, і кожны з народных калектываў, безумоўна, мае ў сваім арсенале і што паказаць, і пра што расказаць…
Экспазіцыю адкрыў мастацкі кіраўнік ансамбля Анатоль Цімашэнка, які прадставіў удзельніц выставы: Ніну Міхадзюк, Марыю Міхадзюк, Валянціну Міхадзюк, Галіну Міхадзюк, Тамару Цімашэнка, Антаніну Ланшакову, Марыю Клыгу і Святлану Раковіч.
Увага прысутных сканцэнтравалася на творах, што перадавалі каларытнасць і непаўторнасць, разнастайнасць уменняў рукадзельніц. Між іншым, каўгарчанкі яшчэ і захавальніцы традыцый продкаў: на некаторых вырабах, асабліва ручніках, красаваліся ўзоры, якія калісьці выкарыстоўвалі іх маці ці бабулі. Дарэчы, сярод экспанатаў можна было ўбачыць тыя самыя рарытэтныя ручнікі і посцілкі, што знаходзяцца ў куфэрках прадаўжальніц вышывальных традыцый.
Чакаў гледачоў і канцэрт. Прыкметна, што глядзельнай залай стала так званая музейная “Сялянская хатка”, дзе сабраны ў асноўным прадметы побыту, звязаныя з вясельнай традыцыяй нашага краю. Ансамбль “Вяселле” ў гэты вечар на некаторы час стаў жывым экспанатам і ў чарговы раз парадаваў добрай песняй і музыкай і натхніў на новыя здзяйсненні.
Выстава каўгарскіх майстрых працягнецца па 26 лютага. Заходзьце, там ёсць што паглядзець!
Ніна ВІКТОРЧЫК. Фота аўтара.