У сёлетнім чэрвені “Асіповіцкі край” адзначыць сваё 85-годдзе. Час існавання органа друку можна вымяраць па-рознаму, але самы “газетны” спосаб — у колькасці выдадзеных нумароў. Іх да юбілею набяжыць больш за 10 тысяч.
У архіве рэдакцыі гадавыя падшыўкі “раёнкі” з 1965 года. На іх пажаўцелых старонках захаваліся не толькі нейкія лічбы, факты, імёны, але і тая няўлоўная субстанцыя, якую можна назваць водарам пэўнай эпохі. Менавіта яе прысутнасць тлумачыць той вядомы факт, што старыя газеты чытаць бывае нават цікавей, чым свежыя.
Напярэдадні свайго дня нараджэння “раёнка” прапануе ўвазе чытачоў праект “Водар эпохі” — плануем расказаць, аб чым пісала наша газета ў гады, калі адзначалася чарговая круглая дата з дня заснавання органа раённага друку.
Самы аддалены “юбілейны” год, падшыўка якога ёсць у рэдакцыйным архіве — 1966, з 35-годдзя “Запаветаў Леніна” і пачнем.
60-я гады лічацца найлепшым часам існавання СССР не без прычыны. Краіне было чым ганарыцца: разбураная Вялікай Айчыннай вайной народная гаспадарка адноўлена, Савецкі Саюз — лідар у асваенні космасу, дабрабыт людзей паляпшаецца. Упэўненасць, што заўтра абавязкова будзе лепшым, мела пад сабой трывалую, як тады здавалася, аснову. Аднак калі паглядзець на будзённыя клопаты асобна ўзятага Асіповіцкага раёна аб’ектыўна і непрадузята, то многае ў ім з сённяшняга пункту гледжання будзе ўспрымацца з пэўным здзіўленнем.
Нам партыя свеціць
Паколькі тады СССР пастаянна дэклараваў, што мэта яго існавання — пабудова камуністычнага грамадства, пачнем з агляду так званага партыйнага жыцця — спраў нізавых арганізацый кампартыі. Існавалі яны амаль у кожным калектыве і, як неаднаразова падкрэслівалася ў той жа “раёнцы”, павінны былі дбаць пра рэгулярнае пашырэнне колькасці камуністаў. Навошта рост колькасці членаў быў патрэбны кіруючай палітычнай партыі — зразумела і без тлумачэнняў, а вось матывы, па якіх далучаліся да яе простыя асіпаўчане, былі рознымі. Нехта шчыра верыў, што пры ўступленні ў КПСС ён увойдзе ў “першыя рады будаўнікоў камунізму”, некаторыя ж мелі не зусім ідэалагічна-бездакорныя мэты. Калі такое “свавольства” выкрывалася, яно станавілася нагодай для хвалі абурэння ў “ЗЛ”.
“У пярвічную арганізацыю млынкамбіната паступіла заява ад электрыка Анатоля Пятровіча Шарамета. Рэкамендуючыя — члены КПСС З.П.Баразна, А.Б.Шыманскі, Н.М.Кандратовіч не пацікавіліся, якія адносіны мае Шарамет да камсамола. Шарамет не стаў на камсамольскі ўлік і аўтаматычна выбыў з камсамола. Бюро райкома КП Беларусі не зацвердзіла рашэнне партыйнага сходу млынкамбіната.
Партарганізацыя Магілёўскага радыёцэнтра прыняла ў члены КПСС Уладзіміра Пятровіча Шчацько. А праз некалькі месяцаў камуністы вымушаны былі выключыць Шчацько з партыі. Як высветлілася, Шчацько стаў на шлях прысваення грамадскіх сродкаў, падману таварышаў па рабоце” (“Лепшых — у партыю” — “ЗЛ” № 150 ад 12.12.66)*.
Зразумець, чым займаліся партарганізацыі ўстаноў і прадпрыемстваў, дазваляе вялікі нарыс пра Мікалая Васільевіча Елісеева — парторга калгаса “Асіповіцкі” (гл. “Сустрэча з парторгам” — “ЗЛ” № 38 ад 29.03.66). Сямейныя спрэчкі, канфлікты паміж калгаснікамі і кіраўніцтвам гаспадаркі па асабістых і вытворчых пытаннях, пошук шляхоў зніжэння сабекошту прадукцыі і павышэння працоўнай дысцыпліны ў калгасе. А яшчэ — мноства іншых спраў, якія тычацца сферы кампетэнцыі калгаса, сельсавета, міліцыі, школы, культуры.
Цікава, што Елісееў, які, відавочна, лічыўся ўзорным партыйным кіраўніком і быў, мяркуючы па змесце публікацыі, самастойным у думках чалавекам, у неабходнасці такой “усеабдымнасці” сумняваўся:
“Я вось часта задумваюся, у чым жа павінна заключацца партыйная работа? Мяне часам бяруць сумненні, ці не адхіляюся я ў бок ад партыйнай работы, ці мае гэта функцыі — умешвацца ў гаспадарчыя справы?”
Найбольш “вузкім” месцам у жыцці радавых камуністаў была палітычная асвета. Сама па сабе наяўнасць сістэмы пашырэння кругагляду найбольш актыўнай часткі грамадства — рэч добрая, аднак абавязковыя для засваення ў школах асноў марксізма-ленінізма веды нярэдка былі, так бы мовіць, празмерна схаластычныя. Ад таго ўзгаданы спосаб умацавання тэарэтычных ведаў далёка не паўсюдна выклікаў інтарэс як у наведвальнікаў палітшкол, так і ў партактывістаў-прапагандыстаў, якім было даручана займацца палітычнай адукацыяй. Такая абыякавасць была праяўлена пры вывучэнні тэмы “Партыя ў перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі 1921-1925 гг.”
Зрыў заняткаў меў масавы характар, таму адпаведнае пытанне было вынесена на бюро райкама КПБ (гл. “Аб выніках першага дня заняткаў у сістэме пар-тыйнай і камсамольскай асветы” — “ЗЛ” № 124 ад 15.10.66). А наўздагон пра некаторых парушальнікаў партыйнай дысцыпліны выйшаў шэраг “персанальных” крытычных матэрыялаў:
“Сакратару партарганізацыі калгаса імя Чарняхоўскага тав. Рэуту, аказваецца, не хапіла часу, каб падрыхтавацца да заняткаў. Шчыра кажучы, ён наогул і не думаў рыхтавацца да іх, бо лічыць гэта лішнімі турботамі.
…Не ведаем праграмы, не ведаем, хто ў нас прапагандыст, не ведаем калі заняткі — вось што чулася ў адказ на пытанне, чаму не адбыліся першыя заняткі ў калгасе імя Ульянава”… Сакратар партарганізацыі калгаса тав. Губашын не мог падабраць іншай адгаворкі” (з тэматычнай старонкі “Няхай жыве марксізм-ленінізм — вечна жывое ўсеперамагаючае рэвалюцыйнае вучэнне” — “ЗЛ” № 127 ад 22.10.66).
Чалавек і ўлада — чалавек пры ўладзе
Узаемаадносіны грамадзяніна і дзяржавы, работніка і работадаўцы рэгулююцца дзеючым заканадаўствам — гэта агульнавядома. Аднак у 60-я гады законы былі намнога менш прадуманыя, чым зараз, ды і прававая адукаванасць землякоў пакідала жадаць большага. Таму і знаходзілі адлюстраванне ў раённым друку падобныя калізіі.
“Майго сына калгас накіраваў на вучобу ў Бабруйскую школу механізатараў. Яму спатрэбілася даведка з месца ранейшага жыхарства для прапіскі. Старшыня Ліпеньскага сельсавета т. Доўгі адмовіў даць такую даведку, тлумачачы гэта тым, што ў мяне не выплачана 8 рублёў 65 капеек падаходнага падатку.
Я абяцаў пры першай магчымасці выплаціць яго, але Доўгі і слухаць не захацеў. Без даведкі ж сына не прапісвалі ў Бабруйску. Гаспадыні, дзе жыў ён без прапіскі, прыйшлося плаціць штраф.
Не ведаю, у правах ці не т. Доўгі, але мне не прыходзілася чытаць такога закону, каб даведку не выдавалі ў сельсавеце сыну, калі ў яго бацькі не заплочаны ўвесь падатак.
Я — бацька васьмярых дзяцей, з якіх самы першы паехаў вучыцца далей, каб потым вярнуцца ў родны калгас. А цяпер з—за гэтай няшчаснай даведкі сына могуць пазбавіць магчымасці вучыцца” (гл. “Ці праў тав. Доўгі?” — “ЗЛ” № 145 ад 3.12.66).
З іншага боку хапала ў той час і тых, хто практычна беспакарана карыстаўся недасканаласцю заканадаўства на сваю карысць. Вялікі рэзананс мела “афера Ніны Прыц” — выкрытая ў Свіслацкай школе-інтэрнаце фінансавая камбінацыя, дзякуючы якой бухгалтар установы Ніна Прыц разам з дырэктарам Уладзімірам Грышановічам і старшым бухгалтарам Свіслацкага сельпо Валянцінай Крысковіч амаль на законных падставах атрымалі 220 рублёў дадатковага заробку. На працягу года гэта гісторыя ўзгадвалася ў “раёнцы” некалькі разоў, а першай публікацыяй прафілактычна-інфармацыйнай кампаніі супраць “празмерна хітрых службовых асоб” стаў фельетон “Рука руку мые” (гл. “ЗЛ” № 14 ад 1.02.66).
У тым жа нумары ёсць і прыклад недасканаласці працоўных зносін — замалёўка з натуры “Капрызы Каравацкага”. Кладаўшчык раённай зерненарыхтоўчай канторы без прычыны адмовіў у выдачы насеннага ячменя калгасу “Чырвоны ўдарнік”. Аграном гаспадаркі, які быў на чале 11 адкамандзіраваных на пагрузку калгаснікаў і калоны з дзвюх грузавых машын ды трактара, пайшоў скардзіцца да дырэктара канторы Рыгора Нікіфаравіча Баразны. Аднак і непасрэдны начальнік не здолеў прымусіць кладаўшчыка Каравацкага выконваць свае службовыя абавязкі належным чынам. Толькі напрыканцы рабочага дня калгаснікі атрымалі 5 тон насення — роўна палову ад аб’ёму, на які разлічвалі.
Не асабліва спяшаліся службовыя асобы рэагаваць і на крытычныя выступленні ў СМІ. У раёнцы нават існавала рубрыка “Чакаем адказу”, у якой узгадваліся імёны “даўжнікоў”. Вось урывак з публікацыі ў “ЗЛ” № 144 ад 1 снежня:
“Ад начальніка сеткавага раёна т. Касічкіна.
4 кастрычніка было надрукавана пісьмо жыхароў вёскі Замошша. Яны пісалі аб тым, што іх дамы ненармальна забяспечваюцца электраэнергіяй. Мабыць, вы і прынялі меры, але ж рэдакцыі не паведамілі”.
Горад і яго “лакаматыў”
У сярэдзіне 60-х Асіповічы і раён не былі адзіным цэлым — горад меў асобны адміністрацыйны статус і падпарадкоўваўся непасрэдна вобласці. У той час у ім не было буйных прамысловых прадпрыемстваў, і адрозніваўся наш райцэнтр ад іншых малых гарадоў Магілёўшчыны хіба толькі ўдалым транспартным становішчам. Чыгуначны вузел тады быў ва ўсіх сэнсах “лакаматывам” сацыяльна-эканамічнага развіцця горада. І калі чыгуначнікам была патрэбна дапамога, яна забяспечвалася намаганнямі ўсіх.
“Асіповіцкая дыстанцыя пуці набірае рабочых на барацьбу са снежнымі заносамі на станцыі Асіповічы. Просьба ўсім свабодным жыхарам горада прыняць удзел… Збор у канторы дыстанцыі пуці або акалотка на вуліцы Камуністычнай № 4” (аб’ява ў “ЗЛ” № 152 ад 20.12.66).
Галоўным трэндам у справах нашых чыгуначнікаў, як і ўсіх іншых працоўных краіны, на працягу 1966 года была арганізацыя дастойнай сустрэчы 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, якое мусіла адзначацца ў наступным годзе. I дзейнічалі яны па розных накірунках, бо, як сведчыць артыкул “Добрыя справы” (гл. “ЗЛ” № 149 ад 13.12.66), хібаў у арганізацыі работы і навядзенні парадку хапала:
“Кіраўніцтву вагоннага дэпо і партыйнай арганізацыі вялікую дапамогу аказвае група садзеяння народнаму кантролю на чале з членам КПСС Ізраілем Барысавічам Герчыкавым. Дзякуючы членам групы на прадпрыемстве праведзена праверка якасці рамонту кантэйнераў, зроблена выдача заляжалых будматэрыялаў. Дазорныя першымі забілі трывогу аб недахопе запасных частак. Не маглі застацца раўнадушнымі “пільныя вочы” і да санітарнага стану дэпо, які, чаго скрываць, быў не на ўзроўні. Цяпер у цэхах стала больш чысціні і парадку, а па тэрыторыі дэпо пралеглі асфальтавыя дарожкі, паса—джаны дрэвы, кусты, разбіты клумбы”.
Не зусім зразумела, чаму для вырашэння ўзгаданых недахопаў трэба было чакаць юбілею рэвалюцыі, але ў тыя часы “кампанейшчына” была звыклай формай работы.
“Мерапрыемствы гарадскога Савета па падрыхтоўцы да 50-годдзя Савецкай улады
Па чыгуначнаму вузлу станцыі Асіповічы:
Заасфальтаваць перон, разбіць газоны. Пабудаваць закрытую вадасцёкавую канаву па вул. Інтэрнацыянальнай. Азеляніць вуліцу Інтэрнацыянальную. Добраўпарадкаваць стадыён “Лакаматыў” (“ЗЛ” № 109 ад 10.09.66).
Што ж тычыцца арганізацыі перавозак, то тут нашы чыгуначнікі дэманстравалі высокія прафесійныя якасці штодзённа:
“Мы паспяхова выканалі вытворчую праграму паўгоддзя: план перавозак перакрыт на 5,8 працэнта. Выканана і сацыялістычнае абавязацельства па ваджэнню цяжкавагавых паяздоў. Сярэдняя вага цяжкавагавага саставу павялічана з 1,5 тысячы тон да 2.800 тон” (гл. “Жадаю “зялёнай вуліцы” — “ЗЛ” № 94 ад 6.08.66).
Праўда, што тычыцца лагістыкі перавозак у маштабах краіны, то з ёй праблем хапала. І тыя ж машыністы-прафесіяналы былі часам вымушаны ісці на працоўныя подзвігі толькі таму, што інакш чыгунка проста б захлынулася. Адной з тыповых прычын збояў у рытмічнасці работы было доўгае прастойванне вагонаў па віне грузаатрымальнікаў:
“За дзевяць месяцаў бягучага года будаўнічае ўпраўленне № 89 пратрымала звыш нормы 608 вагонаў, якія прастаялі 3.970 вагонагадзін, а гэта значыць у дзяржавы на адны суткі аднята 165 вагонаў. Нягледзячы на шматлікія заўвагі і папярэдж—ванні, кіраўніцтва “БУ-89” ніякіх мер для ўхілення прастояў не прымае” (гл. “Прастойваюць вагоны” — “ЗЛ” № 124 ад 15.10.66).
Некаторыя грузапрымальнікі, наадварот, у жаданні не дапусціць прастояў не спыняліся ні перад чым. І невядома, якая крайнасць была горшай:
“У адрас саўгаса “Карытнае” на станцыю Ясень прыйшла цыстэрна ў 54 тоны аміячнай вады. Саўгас пачаў вывозіць яе, але потым хтосьці рашыў, што лепш выліць ваду пад адхон. Колькі яе вылілі — невядома. Вядома толькі, што некалькі дзён на станцыі стаяў такі пах, што людзі не маглі дыхаць, а ўсё азеляненне ўмомант вымерла” (гл. “Востры сігнал” — “ЗЛ” № 115 ад 24.09.66).
Намнога цяжэй у той час было аўтатранспарту. Па выніках работы за год калектыў аўтабазы № 19 упершыню за час існавання добра справіўся з даведзеным заданнем, а па асобных паказчыках здолеў перавыканаць норму. І гэта нягледзячы на адчувальны недахоп тэхнікі, дрэнныя ўмовы яе догляду і рамонту! (гл. “Ад поспеха — да поспехаў!” — “ЗЛ” № 153 ад 22.12.66).
Вясковыя кантрасты
Найбольш знакавай падзеяй года для вяскоўцаў стала змена ў сістэме аплаты іх працы. Да 1 ліпеня 1966 года заробак у сельскай гаспадарцы налічваўся са сродкаў, якія заставаліся пасля выканання плану здачы прадукцыі дзяржаве і выплаты ўсіх падаткаў, таму сялянскі даход быў непразрысты і непрадказальны. Яго памер быў жорстка прывязаны да ўраджаю, выплачваліся грошы адзін раз у год. Па новай сістэме аплаты ўстанаўліваліся цвёрдыя расцэнкі на адзінку прадукцыі і нормы вырабу, а выплата заробкаў становіцца штомесячнай.
Аб тым, як гэта мера матэрыяльнага стымулявання павінна паўплываць на справы ў сельскай гаспадарцы і на дабрабыт сялянства, “раёнка” пісала многа і ў самых розных аспектах — тэма была насамрэч злабадзённай:
“Ураджайнасць зерневых і бульбы застаецца нізкай, за што наш раён справядліва крытыкавалі на пленуме ЦК КПБ. Слабая кармавая база жывёлагадоўлі: у радзе гаспадарак натуральныя сенакосы зараслі кустарнікамі. Высокі яшчэ сабекошт сельгаспрадукцыі” (гл. “У імя дабрабыту працоўных” — “ЗЛ” № 15 ад 5.02.66).
“Укараненне грашовай аплаты стымулюе працу людзей, павялічыць вытворчасць прадукцыі. Гадавая аплата працы кожнага калгасніка і прадукцыйнасць працы (1 чалавека—дзень) склала за 1965 год у рублях адпаведна:
У калгасах з грашовай аплатай: “Бальшавік” — 557/5,44 рублёў, “імя Ульянава” — 464/6,06 рублёў. У калгасах з аплатай па працаднях: “Усход” — 237/4,8 рублёў, “імя Чарняхоўскага” — 242/3,92 рублі” (гл. “На гарантаваную грашовую аплату працы” — “ЗЛ” № 80 ад 5.07.66).
Аднак адносны рост сялянскіх заробкаў паставіў перад кіраўнікамі гаспадарак нечаканыя фінансавыя праблемы:
“Мяркуючы па новых расцэнках планавы фонд аплаты працы ў калгасе “Новы шлях” складзе ў другім паўгоддзі 122 тысячы рублёў. Усяго ж расходаў за гэты перыяд плануецца 271,7 тысячы рублёў. Недахоп уласных сродкаў на пакрыццё прадстаячых расходаў складзе 6 тысяч рублёў. Пакрыць гэты недахоп можна атрыманнем крэдыту” (гл. “Грашовая, гарантаваная” — “ЗЛ” № 100 ад 20.08.66).
Нельга сказаць, што новая сістэма матэрыяльнага стымулявання спраўдзіла аптымістычныя надзеі. Ва ўсякім разе, крытычныя матэрыялы аб хібах у рабоце паляводаў, жывёлаводаў, механізатараў, неэфектыўнасці работы кіраўніцтва калгасаў і саўгасаў друкаваліся практычна ў кожным нумары газеты на працягу ўсяго года:
“У цэлым па раёну малюнак непрыглядны. Некаторыя гаспадаркі па—сапраўднаму не прыступілі яшчэ да ўборкі бульбы. Сёлета ў калгасах і саўгасах пасеяна 3 692 гектары бульбы. У большасці гаспадарак прыедуць на дапамогу рабочыя і служачыя прадпрыемстваў і ўстаноў…” (гл. “Адказная работа” — “ЗЛ” № 110 ад 13.09.66).
“Ёсць аб чым задумацца і нарыхтоўшчыкам кармоў. Жывёльны статак раёна забяспечаны сенам толькі на 74 працэнты, саломай на 79 працэнтаў… Па ранейшаму будзе галоднай жывёла калгасаў “Усход”, “Беларусь”, “Новы шлях” і саўгаса “Карытнае”. У калгасе імя Чарняхоўскага і збожжа сабралі, і сіласныя культуры вырошчвалі, але ніводнага кілаграма ні саломы, ні сіласу не апрыходвалі. І хто можа даць гарантыю, што гэтае калгаснае дабро ўжо напалавіну не спажыта далёкімі ад калгаса людзьмі!” (гл. “За вялікае малако ў стойлавы перыяд” — “ЗЛ” № 115 ад 24.09.66).
* тут і далей арфаграфія арыгінала захавана.
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.