Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі запрашае ўсіх прыняць актыўны ўдзел у Тыдні прафсаюзнага спорту (18-24 снежня), прысвечаным 80-годдзю Спартклуба ФПБ.
“Напеў зямлі маёй” — такую назву мае святочны канцэрт народнага ансамбля народнай песні “Вяселле”, які ў 12 гадзін 5 снежня распачнецца ў Каўгарскім сельскім Доме культуры.
Навагодняя ілюмінацыя райцэнтра — адна з задач, над якой актыўна працуе ДУКВП “Райсэрвіс”. Да 20 снежня ў горадзе будуць устаноўлены і асноўныя атрыбуты свята — ёлкі.
361 даведку сацыяльна-прававога значэння выдаў за студзень-лістапад Асіповіцкі раённы архіў. У асноўным яны ўтрымліваюць інфармацыю, неабходную для прызначэння пенсій тым, хто працаваў на ліквідаваных на сёння прадпрыемствах.
2.242 жыхары Асіповічаў знаходзяцца ў райвыканкаме на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
451 кілаграм малака ад кожнай каровы атрымалі ў лістападзе жывёлаводы філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына” — на 76 кг больш, чым у гэты ж месяц летась.
45 тон рыбы — пераважна карпа і таўсталобіка — рэалізавана ААТ “Рыбгас “Свіслач” у лістападзе. На працягу снежня прадпрыемства плануе прадаць 60 тон. Рыбгас будзе ўдзельнічаць у калядных і навагодніх кірмашах як у нашым раёне, так і за яго межамі.
19.497 землякоў зрабілі гэтым сезонам прышчэпкі ад грыпу. З іх за кошт рэспубліканскага бюджэту — 6.334 чалавекі, раённага — 9.256, за сродкі арганізацый — 3.897, 10 — за ўласныя грошы.
Самы запатрабаваны прыгарадны аўтобусны маршрут — Асіповічы-Градзянка. За рэйс у цёплы час года перавозіцца каля паўтары сотні пасажыраў.
Каля дзвюх соцень супрацьпажарных апавяшчальнікаў беларускай вытворчасці рэалізавана сёлета Асіповіцкім вытворчым участкам ПУП “Бабруйская пажарна-выратавальная справа”.
Асноўным аб’ектам добраўпарадкавання на тэрыторыі Пратасевіцкага сельсавета ў лістападзе былі могілкі ў вёсцы Паплавы: тут адрамантавана агароджа, спілены аварыйныя дрэвы.
Аб’ём вытворчасці прадукцыі за студзень-лістапад ДДЛГУ “Асіповіцкі вопытны лясгас” склаў 92,3 млрд рублёў. Летась гэта лічба адпавядала 85,3 мільярда. Фактычна выраблена дзелавой драўніны 167,3 тыс. кубаметраў, дроў — 30,2, піламатэрыялаў — 14,8. На экспарт адгружана прадукцыі на 3,6 млн долараў.