17 снежня ў рамках адзінага дня інфармавання ЗТАА «Дахавы завод ТэхнаНIколь» наведаў міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. У склад інфармацыйна-прапагандысцкай групы ўваходзілі таксама начальнік абласнога ўпраўлення МНС Андрэй Пражогін і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шаўлюга, які ў сваім выступленні асвятліў галоўную тэму сустрэчы: пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Беларусі і абароны правоў спажыўцоў.
Забеспячэнне бяспекі — адна з найважнейшых функцый любой дзяржавы. У працэс уключаны ўсе зацікаўленыя структуры, якія сумеснымі намаганнямі шукаюць новыя дзейсныя формы і метады работы з насельніцтвам. Менавіта шматбаковым пытанням бяспекі прысутныя і прысвяцілі асноўную частку сустрэчы. Калектыў прадпрыемства быў азнаёмлены з пунктамі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.03.2004 года № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” ў рэдакцыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12.10.2015 года № 420.
Пагаварылі і аб фінансавай бяспецы, сродкам якой з’яўляецца страхаванне маёмасці і здароўя грамадзян. Уладзімір Вашчанка і Андрэй Пражогін давялі да слухачоў аператыўную інфармацыю па пажарах і надзвычайных сітуацыях на тэрыторыі рэспублікі і вобласці, нагадалі асноўныя правілы паводзін у месцах з масавым знаходжаннем людзей. Асобна прамоўцы спыніліся на праблеме пажараў і гібелі на іх людзей з-за неасцярожнага абыходжання з агнём, парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання. Спыніліся і на бяспечным выкарыстанні піратэхнічных вырабаў: у навагодні перыяд на тэрыторыі краіны павялічваецца колькасць траўм, атрыманых у выніку неасцярожнага абыхо-джання з піратэхнікай. Пасля прагляду відэафільма “Кошт імгнення”, які распавядае пра дзяцей, пацярпелых па віне дарослых ад пажараў і няшчасных выпадкаў, прысутныя прызналі недапушчальным пакіданне малалетніх без нагляду.
Напрыканцы сустрэчы члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы адказалі на пытанні работнікаў ЗТАА “Дахавы завод ТэхнаНIколь”, якія тычыліся, у асноўным, тэм добраўпарадкавання і розных аспектаў бяспекі жыццядзейнасці.