Знаёмцеся:
начальнік раённай інспекцыі
прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя
Дзмітрый КУЛIК
Нарадзіўся 8 верасня 1987 года ў в. Марохарава Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Калі атрымаў сярэднюю адукацыю, паступіў у Белдзяржсельгасакадэмію на аграэкалагічны факультэт. Пасля заканчэння ВНУ накіраваўся па размеркаванні ў СГК «Ляскавічы» ДПУ «Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Потым былі Петрыкаўскія аграхімічны аддзел і насенная інспекцыя. У апошняй працаваў дзяржінспектарам, намеснікам начальніка. Далей — пераезд у Асіповічы. Iнжынер па ахове навакольнага асяроддзя на ААТ «АЗАА», пазней — першы намеснік старшыні райспажыўтаварыства. Апошняе месца працы – упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ў якасці галоўнага спецыяліста. У пачатку верасня Дзмітрый Уладзіслававіч узначаліў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Змены месцаў працы звязаны з пераездамі і рознымі жыццёвымі абставінамі, але гэта не перашкодзіла яму яшчэ і працягваць прафесійнае навучанне. У 2010 годзе паступіў у Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажыўкааперацыі. Праз год пасля заканчэння асноўнага курса навучання — магістратура, і ў 2015 годзе — ступень магістра эканомікі і кіравання.
Як Дзмітрыю Куліку на новым месцы?
— Гэта праца падабаецца, — кажа начальнік інспекцыі. — Магчыма, таму і выбраў некалі адпаведную спецыяльнасць. Калектыў у нас зусім невялікі: акрамя мяне яшчэ галоўны спецыяліст Уладзімір Якушаў. Разам і выконваем ускладзеныя задачы, якіх хапае. Напрыклад, разглядаем матэрыялы па факце парушэння прыродаахоўнага заканадаўства, удзельнічаем у планаванні і арганізацыі работ па экалагічнай сертыфікацыі, маніторынгу навакольнага асяроддзя, выдаем, прыпыньваем або анулюем дазволы на выкід забруджвальных рэчываў і іншае. Нядаўна прымаў удзел у пасяджэнні раённага штаба па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў.
Ёсць у Дзмітрыя Уладзіслававіча і свае жыццёвыя і прафесійныя прынцыпы. У прыватнасці, трэба строга выконваць заканадаўства, ва ўсім кіравацца літарай закона. Плюс, кіраўнік павінен быць прынцыповым, камунікабельным, гнуткім, аператыўным, здольным ў самыя кароткія тэрміны вырашаць пастаўленыя задачы.
Ва ўсіх пачынаннях яго падтрымлівае жонка Ганна Мікалаеўна, якая працуе ўрачом у бальніцы. А вольны час Дзмітрый прысвячае спорту, наведвае трэнажорную залу, любіць адпачываць на прыродзе.
Фота Ніны ЦАРЫК.