Працяг тэмы
Белае і чорнае, ці Навошта шукаць чорную кошку ў чорным пакоі,
калі яе там няма?
Ёсць тэмы, якія не пакідаюць раўнадушным практычна нікога. Ва ўсялякім разе пасля публікацыі “I ў будні здараюцца святы!” (гл. “АК” № 73 ад 18.09.2015) наконт па-сапраўднаму значнай падзеі для асіпаўчан — пачатку будаўніцтва новага спартыўна-аздараўленчага комплексу — рэдакцыю “атакавалі” многія і вочна, і з дапамогай тэлефона, і праз інтэрнэт. Прычым, з дыяметральна супрацьлеглымі ацэнкамі. Адны — з задавальненнем, маўляў, проста выдатна, што гораду пашанцавала з “шэфамі”-газавікамі, якія падтрымалі ініцыятыву мясцовых улад у добрай справе; другія — што так траціць грошы нельга, гэта не па-гаспадарску, улада павінна найперш вырашаць галоўную для рэгіёна праблему — хутчэйшае сканчэнне работ на тэрапеўтычным корпусе бальніцы. Паспрабуем расставіць кропкі над “і”?
Першае — пра новы ФАК на “чарняхоўцы”. Здаўна вядома, што хто плаціць, той і заказвае музыку, а сродкі, якія ўкладвае ў будучы спарт-комплекс кампанія “Газпрам”, у разы (!) перавышаюць запланаваную суму з мясцовага бюджэту. У Расіі ўжо 8 гадоў рэалізуецца сацыяльная праграма “Газпрам — дзецям”, такая ж пад эгі-дай ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” запрацавала і ў нашай краіне, дык які разумны чалавек адмовіцца ад дапамогі ў сітуацыі, калі львіная доля расходаў пакрываецца звонку? Што, нашым дзецям, наогул жыхарам не патрэбны вялікі і малыя басейны з аквапаркам, новыя спецыя-лізаваныя спартыўныя залы, пляцоўкі, атракцыёны і іншыя “дробязі”? Няхай лепш па-ранейшаму насупраць АЗС “радуе вока” пустэча?!
Другое — чаму гэтыя грошы не пусцілі на сканчэнне бальніцы. З выгляду — не ў брыво, а ў вока, аднак адказ ляжыць на паверхні: сродкі — мэтавыя, і на іншыя мэты пайсці ніякім чынам не могуць. Жартаваць з законам ніхто не збіраецца, таму тут усё зразумела, і пытанне здымаецца аўтаматычна.
Трэцяе — перспектыва бальніцы. Колькі сіл і нерваў дзеля пабудовы сучаснай медустановы аддала раённая ўлада не ведае ніхто, акрамя непа-срэдна кіраўніцтва рэгіёна. Але вышэй галавы не скокнеш, такі сур’ёзны аб’ект узвесці сваімі сіламі нерэальна. Удзель-нікі ўрачыстасці з нагоды закладкі капсулы з Пасланнем будучым патомкам на месцы будоўлі ФАКа пацвердзяць: старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі наш доўгабуд выдзеліў асобна і пад-крэсліў, што замарожаны ён не будзе. Словы губернатара дапаўняе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Мікалай Калтуноў: “Міністэрства эканомікі цвёрда абяцае, што 30 мільярдаў для сканчэння харчблока, пракладкі цепласетак і выканання іншых работ сёлета будуць выдзелены дакладна. Фінансаванне працягнецца і ў наступным годзе, таму тэрапеўтычны корпус скончаны будзе абавязкова”. Дарэчы, і тады колькасць ложка-месцаў для хворых, пра што не раз пісала “раёнка”, не павялічыцца — сацыяльныя стандарты не парушаюцца і зараз. Затое санітарныя нормы ўтрымання хворых на стацыянары, умовы лячэння, наяўнасць сучаснага медабсталявання і г.д. — усё па-вінна быць на парадак вышэй. Як і магчымасці людзям умацоўваць з уводам фізкультурна-аздараўленчага комплексу здароўе: любую хваробу лягчэй папярэдзіць, чым потым лячыць. Галоўнае, каб мы любілі футбол-плаванне-бег не толькі, калі бяром у рукі тэлеві-зійны пульт, а на практыцы, наведваючы спартзалу ці басейн. Тым больш, што адпаведныя ўмовы для падтрымання сябе ў належнай форме, вядзення здаровага ладу жыцця толькі паляпшаюцца.
Вось, здаецца, і ўсё наконт спартыўна-бальнічнай “хвалі”. Ніхто не хавае, што і другіх “хворых месцаў” у нас хапае. Толькі бачыць усё менавіта ў чорным колеры, лічыць, што тая ж мясцовая ўлада не хоча зрабіць для ўсіх як мага лепей, — гэта падманваць сябе і другіх: усё ўпіраецца ў сродкі. Мы ведаем, што адбываецца ў свеце — і рэальна адчуваем, як эканамічныя праблемы закранулі Беларусь. Асіповіччына не бязлюдны востраў у акіяне — усё ўзгаданае тычыцца і нас. Дык давайце глядзець праўдзе ў вочы і адкрыта скажам: маем тое, што маем, жыць трэба па сродках, а не лунаць недзе ў воблаках з ружовымі марамі. Запрацуе належным чынам эканоміка — стане лягчэй. Рэальныя крокі дзеля вырашэння існуючых складанасцей робяцца на ўсіх узроўнях, але сёння кожны павінен узяць і на сябе долю адказнасці за лёс краіны. I, згуртаваўшыся, пераадолець часовыя цяжкасці, каб зноў дынамічна развівацца і рухацца наперад.
Віталь КУЛАКОЎ.