Знаёмцеся:
дырэктар замежнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Парфумерна-касметычная фабрыка “Сонца
Фёдар Кушняроў
Фёдар Iванавіч Кушняроў нарадзіўся 16 кастрычніка 1977 года ў Алушце (тагачасная Украінская ССР). Вышэйшую адукацыю атрымаў у Кіеўскім нацыянальным эканамічным універсітэце, аднак прафесійную кар’еру вырашыў рабіць у нашай краіне. Гэта рашэнне ў нейкім сэнсе мела эмацыянальны падтэкст: бацька — этнічны беларус — перадаў сыну любоў да гістарычнай радзімы.
З 2000 па 2007 год Фёдар Кушняроў працаваў на ААТ “Піўзавод “Аліварыя”, дзе хутка вырас з радавога інжынера-эканаміста да фінансавага дырэктара. На тую ж пасаду перайшоў у СЗАТ “Піваварная кампанія “Сябар“ (2007-2010 гады).
Замацаваўшы рэпутацыю менеджара экстра-класа ў айчынных дзелавых кругах, быў запрошаны ў назіральны савет ТАА “ОМА” — буйной гандлёвай сеткі па продажы будматэрыялаў.
Праз некаторы час атрымаў прапанову ўзначаліць ЗВУП “ПКФ “Сонца” і з 31 сакавіка 2015 года падпісаў адпаведны кантракт.
Акрэсліваючы атрыманыя ад інвестараў фабрыкі паўнамоцтвы, Фёдар Iванавіч адзначае, што яго галоўная задача — павышэнне эфектыўнасці работы кампаніі, у першую чаргу за кошт скарачэння сабекошту прадукцыі.
Новы дырэктар прызнаецца, што яшчэ недастаткова асвоіўся ў новай для сябе, і пры гэтым досыць дасканалай у плане тэхналогіі і арганізацыі, вытворчай сферы, таму аб нейкіх грандыёзных кроках казаць пакуль рана. Хоць пэўныя рэзервы ўжо выяўлены, аднак трэба ўважліва прадумаць, як выкарыстаць іх найлепшым чынам.
Фота Ніны ЦАРЫК.