Як вядома, 23 ліпеня выбарчая кампанія дала старт новаму этапу, які працягнецца да 21 жніўня: распачаўся збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Адчуваецца грамадская актыўнасць і на Асіповіччыне.
Збор подпісаў можа праводзіцца падчас пікетаў. Такой эфектыўнай формай работы ўжо карыстаюцца з чацвярга актывісты прафсаюзных арганізацый, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў БРСМ, Беларускага Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане і іншых суполак. Напрыклад, ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” у рабоце пікетаў па зборы подпісаў у падтрымку дзеючага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ўдзельнічае некалькі дзясяткаў чалавек. Пацікавіліся ў аднаго з членаў ініцыятыўнай групы Алены Жук, як прайшоў першы дзень работы пікета, які быў арганізаваны ў цэнтры горада.
— Настрой у людзей добразычлівы. Мала хто проста праходзіць міма. Многія спыняюцца, задаюць пытанні. Былі і такія, хто шкадаваў, што няма з сабою пашпарта, а яго наяўнасць нават у добра знаёмага чалавека — абавязковая ўмова для таго, каб ён мог пакінуць аўтограф у падпісным лісце. Безумоўна, магчымасць такая яшчэ будзе — пікеты функцыянуюць кожны дзень.
Асіпаўчане не спяшаюцца адыходзіць ад століка, абмяркоўваюць падзеі, дзеляцца сваімі жыццёвымі пытаннямі. Радуе, што землякі адносяцца да выбараў, якія адбудуцца ў кастрычніку, з адказнасцю і неабыякавасцю!