17-18 ліпеня ў Мсціславе адбудзецца VIII свята сярэдневяковай культуры «Рыцарскі фэст «Мсціслаў-2015» з удзелам больш за 40 рыцарскіх, ваенна-спартыўных і гістарычных клубаў і больш за 15 музычных і танцавальных груп краіны і замежжа. З праграмай свята можна пазнаёміцца на сайце http://mstislavl.mogilev-region.by/ru.
АДУКВП «Райсэрвіс» сёлета нялёгка было захаваць горад зялёным у спякотны перыяд. У дзень на паліў клумб і газонаў расходавалася ад 18 да 24 тон вады, столькі ж ішло на асвяжэнне праезнай часткі дарог. Праполкай клумб, акрамя 1 штатнага рабочага, займаецца пяцёра сезонных работнікаў з ліку школьнікаў.
Гэтым летам сярод кветкавых прыгажунь перавагу аддалі непатрабавальнаму тагецісу. Запаўняюць кветнікі таксама сальвіі, бегоніі, агератум. Хутка парадуе прыгажосцю дэкаратыўная капуста ды астры.
Як паведамілі ў сектары гандлю і паслуг райвыканкама, у раёне дзейнічае 299 гандлёвых аб’ектаў. У першым паўгоддзі адкрыліся 4 кропкі: магазін сеткі «Еўраопт» на вуліцы Iнтэрнацыянальнай, «Цэтлік» на цэнтральнай вуліцы горада, а таксама магазін СААТ «Прайд-Юніон» у ТЦ «Рахмат» і новы гандлёвы павільён у Жорнаўцы.
Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама за 6 месяцаў па назначэнне пенсій звярнулася 457 чалавек. 446 з іх ужо назначана грашовае забеспячэнне. За гэты ж час дапамогу ў працаўладкаванні пажадаў атрымаць 781 чалавек, у тым ліку 529 беспрацоўных. З колькасці тых, хто звярнуўся, новае месца работы займелі 414 грамадзян, з іх 277 беспрацоўных.
На тэрыторыі Лапіцкага сельсавета аглядавай камісіяй праведзена абследаванне ўсіх домаўладанняў. Знесена 2 пустуючыя хаты, якія знаходзіліся ў аварыйным стане, працягваецца работа па падрыхтоўцы адпаведных дакументаў да зносу іншых кінутых пабудоў. Абапал вёскі Троіцкая выпілены дрэвы і хмызняк на тэрыторыі 7 га. Вызваленыя землі ўведзены ў севазварот. Знесена 375 пагонных метраў адслужыўшага свой тэрмін плота, адрамантавана і пабудавана 115 метраў.
Статус мнагадзетнай у раёне мае 491 сям’я, у якой выхоўваецца 1.717 дзяцей. Назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці гэтай катэгорыі сямей. Так, у адпаведны перыяд мінулага года іх налічвалася на 33 менш.
Для падлеткаў і моладзі 18 ліпеня з 10 да 12 гадзін пройдзе «прамая лінія» (тэл. 20-2-26) з загадчыкам гінекалагічнага аддзялення паліклінікі Сугаковай Вольгай Уладзіміраўнай па пытаннях сексуальнай культуры і падрыхтоўкі да сямейнага жыцця.