СШ №4
Музей баявой і працоўнай славы ў пачатку чэрвеня будзе адзначаць 30-годдзе. Адкрыццю папярэднічала вялікая пошукавая работа ўсяго калектыву пры актыўным удзеле аўтара кнігі “Асіповічы” Уладзіміра Зорына.
У вытокаў стварэння стаяў і Уладзімір Шаўчэнка, які ў пачатку 80-х гадоў працаваў тут настаўнікам гісторыі. Па яго ініцыятыве шматлікія сабраныя матэрыялы былі сістэматызаваны. Ула-дзімір Іванавіч дапамагаў з адкрыццём музея і пасля таго, як перайшоў на работу ў гаркам партыі. Збор матэрыялаў, афармленне экспазіцыі, узаемадзеянне з ветэранамі падпольнага і партызанскага руху раёна, воінамі-вызваліцелямі, якія перадалі ў фонд музея многа экспанатаў — яго несумненная заслуга. На адкрыцці прысутні-чалі ветэраны 69-й стралковай Сеўскай двойчы Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі, якія пакінулі ў дар альбом са сваімі фотаздымкамі.
У розныя гады музей узначальвалі Таццяна Леліна, Алена Лінкевіч, а сёння пошукавая работа праводзіцца пад началам Алены Анціховіч.
Экспанаты размешчаны ў вітрынах і на стэндах, аформлены тэматычныя альбомы. У экспазіцыі 9 раздзелаў. Адзін з іх называецца “Грозныя гады вайны”. У ім — матэрыял пра партызанскі рух, падполле, вызваленне горада. Экспануюцца асабістыя рэчы ветэранаў, іх франтавыя пісьмы, успаміны, фотаздымкі, дакументы, лістоўкі і газеты ваеннага ліхалецця, прадметы ўзбраення і абмундзіравання.
— Апошнім часам члены краязнаўчага гуртка, які працуе на базе музея, удзельнічаюць у акцыі “Ветэранаў сівых галасы”, — расказвае Алена Гвідонаўна. — Вучні запісваюць успаміны ўдзельнікаў і сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, што дазваляе ўдакладніць і канкрэтызаваць многія старонкі гераічнай барацьбы беларускага народа. Так, запіс успамінаў Е.І.Касценкі і пошукавая дзейнасць дапамаглі высветліць лёс А.М.Дзянісава, удзельніка легендарнага бою кавалерыстаў 65-га і 153-га кавалерыйскага палкоў у раёне Татаркі. Атрыманы таксама новыя звесткі аб дзейнасці на тэрыторыі раёна партызан-скага атрада імя Дзяржынскага, яго сувязі з партызанамі Глускага раёна, аб арганізацыі недалёка ад вёскі Слаўкавічы лагера для сямей, якім пагражала расправа фашыстаў. Новай старонкай стаў устаноўлены членамі пошукавага атрада факт пра тое, што падчас карнай аперацыі гітлераўцаў у пачатку сакавіка 1944 года падчас блакады ў Загальскіх балотах былі заціснуты не толькі партызаны Глушчыны, але і Асіповіччыны.
Прыцягваюць увагу наведвальнікаў размешчаныя ў вітрыне некаторыя экзэмпляры добра вядомага ў вайну выдання ЦК КПБ “Раздавім фашысцкую гадзіну” і сатырычнага лістка “Партызанская дубінка”, які выпускаўся газетай “За свабодную Беларусь”. Запамінальныя подпісы, яркія карыкатуры, партызанскія прыпеўкі і песні, вершы і патрыятычныя заклікі — усё гэта спрыяла падняццю духа лясных байцоў. Вось некаторыя: “За зямлю савецкую бі звяр’ё нямецкае, бі штыком, гранатай бі. Бі, чым можаш, а забі!”, “Крыг без бліца, або… як мы білі фрыца”, “Біце, граміце немчуру, пакуль на нашай зямлі не застанецца ніводнага фашыста”.
СШ № 1
Музейны пакой імя Героя Савецкага Саюза Б.М.Дзмітрыева заснаваны ў 1985 годзе. У экспазіцыі — 3 раздзелы: “Партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі і Асіповіцкага раёна”, “Барыс Дзмітрыеў — Герой Савецкага Саюза”, “Героі Савецкага Саюза — удзельнікі вызвалення г. Асіповічы і раёна. Героі Савецкага Саюза — ураджэнцы Асіповіцкага раёна”.
Налічваецца звыш 60 экспанатаў.
У свой час музеем кіравалі Ала Блецко, Ала Скорая, Алена Грышановіч, Ала Гамаюнава, Ніна Лапікава. Зараз яго ўзначальвае Марына Клімовіч.
— Імя Барыса Дзмітрыева добра вядома на Асіповіччыне, — гаворыць Марына Уладзіміраўна. — Памяць пра яго ўвекавечана ў назве вуліц, школ. Калектыў школы назваў яго імем і музейны пакой. Захоўваем перапіску з роднымі героя і характарыстыку, напісаную класным кіраўніком Дзмітрыева ў 1945 годзе. У ёй чытаем: “Мальчик резко выделялся среди сверстников ярко выраженной индивидуальностью: прямота, честность, четкое исполнение своих обязанностей и чувство товарищества”. А вось што пісаў Барыс сваім родным 7 ліпеня 1943 года: “Вот уже год, как я в партизанах. Я привык к лесной жизни и чувствую себя прекрасно. Уже многие сотни немцев погибли от моей руки. В последнем бою был легко ранен в ногу, но сейчас уже поправляюсь. Товарищи заботятся обо мне. Командование отряда представило меня к правительственной награде”.
Ёсць лісты ад маці і сястры Ганны і Кацярыны Дзмітрыевых з Масквы да школьнікаў. У адным з іх, датаваным 1967 годам, маці Барыса піша: “Очень прошу вас, ребята, посещайте могилу моего сына за меня, не забывайте. Вся моя семья: дочь и двое внуков — Миша и Анечка — благодарны за память о сыне. Всегда помните, что в мыслях я всегда у вас, вместе с Борисом”.
Захоўваецца тут і экзэмпляр газеты “Московский комсомолец” за 1948 год, дзе адна са старонак цалкам прысвечана гераічным подзвігам іх земляка Барыса Дзмітрыева.
Ніна ВІКТОРЧЫК.