Справы мясцовага шклозавода для ялізаўчан ужо не першы месяц застаюцца найбольш хвалюючай тэмай. І — не без прычыны. Прадпрыемства ніяк не можа выйсці з перыяду фінансавай нестабільнасці, прычым “святло ў канцы тунэля” перыядычна становіцца зусім слабым. Так, месяц-два таму аб’ём запазычанасці за энергарэсурсы ўзрос настолькі, што яшчэ крыху — і перад заводам магла б паўстаць змрочная перспектыва банкруцтва.
Мясцовыя жыхары не з чужых вуснаў ведаюць, што гэта такое — прыпыненне дзейнасці пасёлкаўтвараючага прадпрыемства. Напрыканцы мінулага стагоддзя эканамічны калапс напаткаў шклозавод “Кастрычнік”, і тое самым непрыемным чынам паўплывала на дабрабыт людзей, развіццё камунальнай гаспадаркі, гандаль і іншыя бакі пасялковага жыцця.
Зразумела, зараз не пачатак 2000-х, таму для другога па значнасці паселішча раёна верагоднасць паўторнага пераўтварэння ў эканамічна-дэпрэсіўны рэгіён амаль што нулявая. Гэта не азначае, што справы завода будуць палепшаны ў хуткім часе, аднак яны ўвайшлі ў спіс найбольш прыярытэтных пытанняў шкларобчай галіны, якія разглядаюцца на ўзроўні ўрада краіны. Інакш кажучы, за выпраўленне сітуацыі на “Ялізаве” ўзяліся лепшыя эканамісты краіны.
На сёння тут галоўная праблема — неканкурэнта-здольнасць прадукцыі па цане. З-за высокага кошту паліва — прыроднага газу і электраэнергіі — айчынная шклатара ўжо даволі доўгі час атрымліваецца даражэйшай, чым аналагічная расійская. Розніца ў “паліўнай частцы” яе сабекошту дасягнула крытычнага ўзроўню з-за дэвальвацыі расійскага рубля. Расійскія вытворцы набываюць 1.000 “кубоў” прыроднага газу за 70 долараў, беларускім жа шкларобам даводзіцца плаціць “умоўных адзінак” у 4,8 разоў болей!
Рынкі нашых краін не маюць мытных абмежаванняў, і таму, напрыклад, беларускім лікёра-гарэлачным заводам няма ніякага сэнсу купляць ялізаўскія пляшкі па 1.900 рублёў ды выдаткоўваць пэўныя грошы на перавозку, калі расіяне прапануюць той жа тавар за паўтары тысячы з бясплатнай дастаўкай. Пры гэтым нашы вытворцы працуюць на мяжы акупляльнасці, а іх канкурэнты — з нармальным, эканамічна абгрунтаваным узроўнем рэнтабельнасці.
Дык ці трэба здзіўляцца тэрыконам нерэалізаванай шклатары на двары шклозавода? 12 тысяч тон вырабаў — гэта рэальна многа і ў штучным вызначэнні, і ў аб’ёмах “замарожаных” абарачальных сродкаў…
Зразумела, самым простым спосабам вырашэння цэнавога дыспарытэту было б увядзенне нейкіх мер па абароне айчыннага рынку шклатары, аднак такі варыянт мае больш недахопаў, чым пераваг. З пачатку года дзейнічае Еўразійскі эканамічны саюз, мэта якога — стварэнне для краін-удзельніц роўных умоў для перасоўвання тавараў, па-слуг, капіталу і рабочай сілы.
Для Беларусі, якая з’яўляецца адным з заснавальнікаў ЕўрАзЭС і мае ад удзелу ў гэтай арганізацыі значную выгаду ў цэлым, ствараць прэцэдэнт “мытнай вайны” з расійскімі шкларобамі ніяк нельга. Як сведчыць міжнародны вопыт, у такіх далікатных сітуацыях звычайна прымяняюцца меры “паўзучага пратэкцыянізму”: увядзенне новых правілаў для спажыўцоў шклатары (напрыклад, разліў напояў выключна ў шкляныя — экалагічна чыстыя — бутэлькі) і яе вытворцаў (скажам, дазвол на ўжыванне на тэрыторыі краіны толькі тых шклавырабаў, якія маюць еўрапейскую сертыфікацыю ХАССП). Аднак унясенне радыкальных змен у нарматыўную базу, якая рэгулюе ўзгаданыя аспекты работы ежавай і шкляной прамысловасці, справа няпростая, і да таго ж невядома, наколькі абгрунтаваная ў плане агульнадзяржаўнай выгады.
Магчыма, існуюць і іншыя шляхі выратавання беларускага шкларобства — як стала вядома з рэспубліканскіх СМІ, зараз на ўзроўні ўрада краіны, міністэрства архітэктуры і будаўніцтва рыхтуецца адпаведны пакет дакументаў. Пакуль жа прынята рашэнне аб зніжэнні для беларускіх шкларобаў кошту прыроднага газу прыблізна ў 1,5 раза — да 180 долараў за 1.000 кубічных метраў. Такая мера не вырашыць праблему канкурэнтаздольнасці айчыннага шкла, аднак пэўную перадышку шкларобам дасць. Гэта нямнога, але ж лепш, чым нічога.
Дзмітрый САЎРЫЦКI.