*8 мая. Пра беражлівае захаванне памяці аб подзвігу нашых слаўных продкаў сведчаць на Асіповіччыне шматлікія помнікі і абеліскі, брацкія магілы. Штогод напярэдадні светлага майскага дня тысячы людзей ідуць да іх, каб ушанаваць памяць загінуўшых у гады ліхалецця.
Мітынгі, у якіх прымалі ўдзел ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі рабочых калектываў, школьнікі, традыцыйна адбыліся каля брацкай магілы партызанам Вялікай Айчыннай вайны ў скверы па вуліцы Абросімава і ля абеліска на брацкай магіле ахвярам фашызму непадалёку ад вёскі Цяплухі.
— Усё больш часу аддзяляе нас ад гераічных і разам з тым такіх трагічных дзён Вялікай Айчыннай. Тры доўгія гады зверствавалі фашысцкія захопнікі на нашай асіповіцкай зямлі. Няма ні адной сям’і, якую б так альбо інакш не кранула гэта страшная вайна. Не вярнуліся дадому амаль 4 тысячы воінаў-землякоў, загінула больш за чатырыста партызан і падпольшчыкаў, было расстраляна, закатавана і спалена амаль 6 тысяч мірных жыхароў, — прывёў сумную статыстыку страт старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч. — Мы ганарымся сілай духу нашых ветэранаў і іх вялікай мужнасцю. Яны змаглі выстаяць нават тады, калі, здавалася, гэта проста было немагчыма.
Памяць пра ахвяр фашызму ўшаноўваецца хвілінай маўчання. У гонар герояў урачыста гучаць залпы. Пад гукі шчымліва-жалобнай музыкі да помнікаў ускладаюцца вянкі і кветкі.
Сімвалічным гэты дзень стаў для многіх асіповіцкіх школьнікаў: вучні чацвёртых класаў з гарадскіх школ уступілі ў піянеры, а лепшыя сярод старшакласнікаў атрымалі членскія білеты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Прыемна было бачыць у вачах падрастаючага пакалення непадробныя гонар і радасць.
*9 мая. Падзея, якая назаўсёды ўвайшла ў гісторыю чалавецтва, адбылася роўна 70 гадоў назад. І гэта дастатковы час, каб ацаніць, наколькі разумна мы — нашчадкі пакалення пераможцаў — распарадзіліся галоўнымі заваяваннямі Другой сусветнай вайны: свабодай, мірам, правам народаў на самавызначэнне.
Калі ў цэлым, то відавочна: далёка не самым горшым чынам. Суверэнная Беларусь — эканамічна і палітычна трывалая краіна, яе народ мае станоўчы імідж, а рэальны аўтарытэт дзяржавы на геапалітычнай арэне па-цвярджаецца агульнавядомым фактам: менавіта ў Мінску кіраўнікі самых уплывовых краін Еўропы шукаюць шляхі да ўрэгулявання нечакана ўспыхнуўшага на ўсходзе суседкі-Украіны ўзброенага супрацьстаяння.
Для Беларусі вайна — далёкая памяць, няхай і надзейна захаваная ў кнігах, фільмах, фотаздымках ды ўспамінах ветэранаў. Звычайна з цягам часу нават да самых значных гістарычных падзей губляецца інтарэс, бо страчваецца іх сувязь з сучасным жыццём. Сыходзяць відавочцы і ўдзельнікі, нараджаюцца новыя пакаленні, у якіх зусім другія хваляванні і прыярытэты.
Ці можна сказаць тое ж пра Вялікую Айчынную? Без перабольшвання, чалавека, які абыякава ўспрымае яе веліч і трагедыю, сярод землякоў наўрад ці сустрэнеш. І — што больш істотна — у нашым грамадстве няма супярэчнасцей у ацэнках таго, чым стала для беларускага народа перамога ў той вялікай вайне. Сімвалічна, што Дзень галоўных дзяржаўных сімвалаў — Герба і Сцяга — адзначаецца назаўтра пасля Дня Перамогі…
Святочны дзень пачаўся з сустрэчы кіраўніцтва раёна з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч ад імя ўсіх асіпаўчан выказаў гэтым заслужаным людзям шчырыя словы ўдзячнасці ад імя ўсіх пакаленняў, якія жывуць пад мірным небам.
На ўрачыстым мітынгу таксама гучала многа ўзнёслых слоў, аднак ці ўсё можна выказаць словамі?
…Запоўненая людзьмі плошча раптам змоўкла: прысутных на ўрачыстым мітынгу аб’яднала хвіліна маўчання ў гонар герояў, якія загінулі, каб наша Перамога стала явай.
Тэатралізаваныя кампазіцыі, у якіх сродкамі харэаграфіі перададзены горыч ваеннага ліхалецця, радасць вызвалення і вечны сум па тых, хто не вярнуўся ў родную хату, змяняюцца сімваламі мірнага часу. Шэсце сямей з малымі дзецьмі, парад прадстаўнікоў паспяхова працуючых працоўных калектываў — звыклыя і, адначасова, уражваючыя выявы заможнага і шчаслівага чалавечага жыцця.
Кульмінацыя свята — праход ваеннай тэхнікі, якая стаіць на ўзбраенні часцей Асіповіцкага гарнізона. Грозныя баявыя машыны “Смерч” і “Точка”, буйнакаліберныя гаўбіцы “Мста” нетаропка рушаць у бок стадыёна “Юнацтва”, дзе разгортваецца найбольш дынамічная частка святочнай праграмы: выстава ваеннай тэхнікі, паказальныя выступленні разлікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і конна-спартыўнага клуба “Ярмак” (Бабруйск), ваенна-гістарычная рэканструкцыя “Вораг не пройдзе”.
Аб апошняй крыху падрабязней. Правядзенне падобных мерапрыемстваў — свайго роду даніна часу: колькасць аматараў ваеннай гісторыі расце па ўсёй краіне, а іх жаданне захоўваць і папулярызаваць гістарычную спадчыну падтрымліваецца высокім інтарэсам гледачоў і поўным разуменнем з боку дзяржавы.
Нашаму краю ў гэтым сэнсе пашчасціла, бо тут энтузіязм “знізу” мае надзейную падтрымку не толькі з боку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, але і ад камандавання мясцовага гарнізона.
Сапраўдным клубам аматараў ваенна-рэканструкцыйнай справы стаў цэнтр турызму і краязнаўства. У святочных “баявых дзеяннях” да вопытных “байцоў” — выхаванцаў Андрэя Торбіна і Юрыя Сцяпанава — далучыліся і другія мясцовыя рэканструктары. Адзін з іх — Міхаіл Гаўрусёнак — нават задзейнічаў у “баявых дзеяннях” уласнаручна рэстаўраваную машыну. Легендарны джып “Віліс” пацвердзіў рэпутацыю “аўтамабіля-салдата”, упэўнена працягнуўшы спачатку па цэнтральнай плошчы, а потым і па “полі бою” на мотадроме каля стадыёна “Юнацтва” супрацьтанкавую гармату. Між іншым, самую сапраўдную: для ўдзелу ў свяце Перамогі была часова знята з пастаменту на Алеі Герояў знакамітая “саракапятка”.
Валянціна КОРБАЛЬ, Марыя ТАЛЕЙКА, Ніна ЦАРЫК, Дзмітрый, Анастасія і Юлія САЎРЫЦКIЯ.