У яго працоўнай кніжцы адзначана толькі адно месца працы: ДДЛГУ “Асіповіцкі вопытны лясгас”. Пасаду галоўнага ляснічага Віктар Уладзіміравіч заняў у 1997 годзе, маючы ўжо 22-гадовы стаж работы на прадпрыемстве. Ведаў лясгас, без перабольшвання, як уласную кішэню, і гэтыя веды дапамаглі справіцца з сур’ёзным выпрабаваннем. Адразу пасля назначэння яму давялося ледзь не паўгода выконваць яшчэ і абавязкі дырэктара — тагачасны кіраўнік цяжка захварэў. Падчас таго “экзамену на трываласць” і сфармуляваў Дамарад прынцыпы работы, якімі карыстаецца сам і імкнецца ўкараняць у калектыве.
Ведай сваю справу
Тут — без каментарыяў: лясгас апошнія 10 гадоў уваходзіць у тройку лепшых прадпрыемстваў галіны, а асабісты ўклад яго галоўнага ляснічага ў поспех адзначаны ўручэннем у 2009 годзе пачэснага звання “Ганаровы лесавод”, і трыма гадамі пазней — нагруднага знака “30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”.
Прыняў рашэнне — не паказвай сумненні
У будзённых справах тое не кідаецца ў вочы, а вось калі ўзнікае крытычная сітуацыя, то харызма начальніка пераўтвараецца ў магутную “зброю”. Прыклад — ліквідацыя страшнага ляснога пажару ў 1992 годзе. Агонь тады цалкам выйшаў з-пад кантролю, пачалася эвакуацыя дзіцячага санаторыя, які існаваў каля пасёлка Сасновы… Дамарад рашыўся на адчайны крок: загадаў пусціць сустрэчнае полымя. Верагоднасць поспеху была прыблізна роўная верагоднасці сарваць джэк-пот у латарэі, але ж рызыка апраўдалася!
Ніколі не ўшчувай падначаленых, калі ў іх штосьці не атрымалася
Пра гэты прынцып ён кажа так: “Калі чалавек штосьці спрабуе рабіць самастойна, праяўляе ініцыятыву — ён думае, да справы неабыякавы. Няўдача павінна дадаць яму азарту, жадання выправіць дапушчаны промах самастойна. А дасягнуты з цяжкасцямі поспех павялічыць імпэт”.
У свой час Дамарад стаў ініцыятарам правядзення паступовых высечак — вымання толькі асобных дрэў, якія раней іншых дасягнулі ўстаноўленых кандыцый. Шырокае ўкараненне гэтага метаду было магчыма толькі пры вельмі высокай культуры працы ў лесаводстве і лесанарыхтоўцы. Аб тым, як рос узровень прафесіяналізму калектыву, сведчаць дадзеныя лесаўпарадкаванняў угоддзяў лясгаса па аб’ёме спелай драўніны: 1980 год — 91 тысяча кубаметраў, 1990 год — 113, 2002 — 143, 2012 — амаль 280 тысяч!
Майстэрства людзей, памножанае на добрую тэхнічную забяспечанасць, дазволілі прадпрыемству сёлета з упэўненасцю ўзяцца за новую справу — пераход на фінскую тэхналогію вырошчвання маладняку дрэў. На першы погляд усё проста: дрэўцы ў гадавальніку высаджваюцца ў біяразлагаемыя гаршочкі-касеты, як гэта робіцца з агароднай расадай. Пераваг метад мае мноства, аднак лясныя пароды не нейкія памідоры, таму і складанасцей тут безліч. Самі фіны адпрацоўвалі гэтую тэхналогію 30 гадоў, наш жа лясгас — з улікам ужо існуючага вопыту — мае намер укласціся ў пяцігодку. Дарэчы, сёлета “па-фінску” створана ўжо 30 гектараў маладога лесу.
* * *
…Некалькі дзён назад Віктар Дамарад адзначыў сваё шасцідзесяцігоддзе. Сустракаў ён юбілей са зразумелай задаволенасцю, але не хаваючы лёгкага суму. З прычыны неадназначнасці пачуццяў сакрэту не рабіў:
— Калі толькі пачынаў працаваць у лясной гаспадарцы, было цікава, бо не заўсёды дакладна ведаў, чым скончыцца тая ці іншая справа. Сёння ж вынік прагназуема паспяховы...
Такой нагодзе для “юбілейнага смутку” застаецца толькі пазайздросціць!
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.