Дата адкрыцця музея — 1994 год. А перад гэтым была вялікая пошукавая работа вучняў школы пад кіраўніцтвам настаўніка ваеннай падрыхтоўкі Івана Якаўлевіча Беланожкіна. Іх зацікавіў баявы шлях 69-й Сеўскай двойчы Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава стралковай дывізіі і 3-й гвардзейскай Рэчыцка-Брандэнбургскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава 2-й ступені зенітна-артылерыйскай дывізіі рэзерву Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, якія вызвалялі Асіповічы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сабраныя матэрыялы размясціліся ў кабінеце ваеннай падрыхтоўкі, пазней — на сценах школьнага калідора.
Затым да работы падключылася настаўніца гісторыі Лілія Міхайлаўна Доўгаль. Пачаліся перапіска і арганізацыя сустрэч з ветэранамі і роднымі воінаў-вызваліцеляў. Незабыўныя ўражанні засталіся ад сустрэч з Героем Савецкага Саюза, намеснікам начальніка палітаддзела 69-й стралковай дывізіі Барысам Тарасавічам Пішчыкевічам, камандзірам і начальнікам штаба 120-га стралковага палка Рыгорам Фамічом Люльковым і Пятром Іванавічам Старавойтавым, намеснікам камандзіра 2-га стралковага батальёна гэтага ж палка Іванам Яфрэмавічам Ражковым, з’явіліся асабістыя рэчы, дакументы франтавікоў.
Адначасова вызначыліся новыя напрамкі пошукавай работы, зацікавіліся ўдзелам былых вучняў і настаўнікаў школы ў вайне. Гэта дазволіла папоўніць раней сабраныя матэрыялы і адкрыць музей, які ўзначаліла Лілія Доўгаль. Працягнула добрую справу настаўніца гісторыі Галіна Кікаўская, а зараз ім кіруе Наталля Шчарбачэня.
Экспазіцыя складаецца з 7 раздзелаў, і 3 звязаны з падзеямі ваеннага ліхалецця.
“Настаўнікі і выпускнікі школы ў гады Вялікай Айчыннай вайны”
Тут размешчаны фотаздымкі і дакументы вучняў школы, якія прымалі ўдзел у падпольным руху на тэрыторыі раёна, ваявалі на фронце. Многія з іх да вайны працавалі на чыгуначным вузле станцыі Асіповічы — Міхаіл Няверка, Аляксандр Крот і Уладзімір Бандарэнка. З пачаткам вайны яны ўвайшлі ў падпольна-дыверсійную групу пад кіраўніцтвам Марка Шведава.
У музеі беражліва захоўваецца кожны экспанат, які тычыцца дзейнасці падпольшчыкаў. З успамінаў М.Няверкі:
“Помню, як у самыя першыя дні вайны адпраўлялі апошні цягнік у бок Магілёва з эвакуіраванымі пасажырамі, але той не дасягнуў сваёй мэты — быў разбіты на другіх Асіповічах. Змена, якая ў гэты дзень дзяжурыла на станцыі, кінула работу і разышлася. Я разам з таварышамі рушыў у бок Градзянкі ў напрамку Якшыц, спадзеючыся фарсіраваць раку Бярэзіну і пайсці ў Магілёў. Але немцы блакіравалі яе, і прыйшлося вяртацца назад у горад. Пасля звязаўся са Шведавым, стаў працаваць стрэлачнікам, і пачалася дыверсійная работа, якая доўжылася аж 2 гады, пакуль не быў рассакрэчаны агентурай гестапа”.
Значнае месца ў раздзеле адводзіцца Фёдару Крыловічу. Увагу наведвальнікаў прыцягвае панарама, якая дэманструе яго подзвіг. Экскурсаводы абавязкова расказваюць пра здзейсненую глыбокай ноччу 30 ліпеня 1943 года на станцыі Асіповічы дыверсію супраць фашыстаў. Па прызнанні ваенных гісторыкаў, гэтая баявая аперацыя лічыцца самай буйной на чыгунцы ў гады Другой сусветнай вайны. Ёсць тут і звесткі аб партызанцы Алене Перавозчыкавай (Пармон), якая перадала Крыловічу міну.
“Вызваленне горада Асіповічы”
У раздзеле прадстаўлены фотаздымкі, асабістыя рэчы, дакументы Ганаровага грамадзяніна горада Рыгора Фаміча Люлькова. Iх перадаў у музей сам удзельнік вызвалення.
На адным са стэндаў — партрэтнае фота, з якога весела паглядаюць маладыя хлопец і дзяўчына ў ваеннай форме. Хто яны? Тыя, хто добра ведае гісторыю вызвалення Асіповіч ад ворага, адкажуць, што гэта Іван Гармашаў і Гульсум Мустафіна. Імя першага носіць адна з вуліц на паўднёвай ускраіне горада. Непадалёк ад могілак стаіць абеліск з надпісам: “Маёр Іван Гармашаў, малодшы лейтэнант медыцынскай службы Мустафіна Гульсум, 28 чэрвеня 1944 года”. Яны загінулі ў дзень вызвалення.
— Следапыты школы зацікавіліся, пры якіх абставінах загінулі гэтыя байцы, — гаворыць Наталля Шчарбачэня. — Звярнуліся па дапамогу да былых воінаў 60-й стралковай дывізіі, якая вызваляла наш райцэнтр. Яны і расказалі, што ў дом № 28 па вуліцы Калгаснай, дзе знаходзілася група ваенных, трапіў артылерыйскі снарад, ад узрыву якога і загінулі Мустафіна і Гармашаў. Вучні даведаліся адрасы родных загінуўшых, завязалася пера-піска. У музейных фондах ёсць лісты ад бацькоў маёра Гармашава Анастасіі Мікалаеўны і Іпація Андрэевіча, якія на той час жылі ў Алма-Ацінскай вобласці. У іх — аповед пра дружную сям’ю, дзе вырасла 7 дзяцей, успаміны пра тое, як вучыўся Ваня ў школе, якімі якасцямі характару валодаў, цікавіліся, ці вядзецца догляд за магілай. А наступныя радкі кранаюць і цяперашняе пакаленне: “Мы потеряли Ваню, но нашли много друзей, которые проявляли заботу о нем. Его имя занесено в историю Великой Отечественной войны, приятно, что о нем помнят белорусский народ и осиповчане. И в этом большая заслуга вашей школы. Низкий вам поклон и большое сердечное спасибо от всех Гармашевых”. Сям’я выслала нам некаторыя рэчы, у тым ліку — пасведчанне аб узнагароджванні ордэнам “Мацярынская слава” 3-й ступені маці маёра.
Нельга без хвалявання чытаць і ўспаміны пра Гармашава партызанкі Зінаіды Казловай: “Иван был искренний, добрый и заботливый. Помнится, как однажды он прислал ко мне своего ординарца с котелком, в котором было 2 стакана молока. В болотах и лесах Белоруссии, когда мы питались тушенкой и пшенкой, молоко — о нем даже не мечтали — было подобно манне небесной. И еще. Высылаю вам фото, на котором Ваня с Гульсум. Я никогда ее не видела без улыбки”.
Ішлі пісьмы ў школу і з Тульскай вобласці ад сяброўкі Мустафінай Раісы Сяргееўны Ігумнавай: “Мы были с ней в одной санроте. Галя (Гульсум – авт.) была всегда весела. Во время отдыха пела национальные песни. Иногда и я пела рязанские частушки. Галя пыталась их перепеть. Получалось смешно, и все хохотали”.
Удзельнікі вызвалення Асіповіч падпалкоўнік Пётр Старавойтаў пакінуў таксама школьнікам сшытак з успамінамі.
Яшчэ адзін цікавы экспанат — палявы блакнот капітана Каваленкі, які камандаваў 2-м стралковым батальёнам 237 палка 69-й стралковай дывізіі — нешта накшталт вучэбнага дапаможніка па тактыцы вядзення бою.
Намеснік камбата гэтага ж батальёна Аляксандр Гарадкоў вёў дзённік ваенных дзеянняў. У ім пад датай 30.6.44 г. ёсць такі запіс: “Взяты Осиповичи — 5 рота на танках в составе других частей первыми ворвались в город. Взяты большие трофеи. Спустя полдня враг опомнился, несколько раз пытался контратаковать. Все отбито. Главное — поджились трофеями”.
“Яго іменем названа наша піянерская дружына”
Раздзел прадстаўлены панарамай подзвігу Героя Савецкага Саюза Міхаіла Абросімава, які загінуў у баі за вызваленне Асіповіч.
Ніна ВІКТОРЧЫК.