Кніга наведвальнікаў за больш чым 30 гадоў існавання музея ўтрымлівае сотні падзяк за змястоўныя экскурсіі. Экспазіцыі пастаянна абнаўляюцца, пошукавая работа дырэктара музея Жанны Каралені і мясцовых вучняў прыносіць новыя звесткі па гісторыі дараганаўскага краю, цікавыя экспанаты. Апошніх налічваецца ўжо каля 4.000. Распачала ж стварэнне музея настаўніца Зінаіда Рыгораўна Верашчака, унеслі сваю лепту ў развіццё і Л.Каленік, І.Радзевіч, Т.Чучына, С.Бародзіч.
Экспазіцыя размясцілася ў 6 тэматычных раздзелах, адзін з якіх — «Ніхто не забыты, нішто не забыта». У асноўным ён прысвечаны дзейнасці партызанскай брыгады імя Катоўскага, якая дыслакавалася на тэрыторыі Дараганаўскага сельсавета: фотаздымкі партызан, біяграфічныя даведкі, асабістыя рэчы, успаміны пра вайну. Ёсць трохвуголь-нікі з фронту, перыядычныя выданні ваеннага часу, лістоўкі, спісы загінуўшых на фронце, у партызанах, знішчаных фашыстамі мірных жыхароў. Аднавяскоўцы-франтавікі перадалі на захаванне шмат узнагарод. Баявыя перададзены ў Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Я.Р.Раманава, а тут засталіся толькі юбілейныя. Шмат матэрыялаў прысвечана ахвярам фашысцкага генацыду. У архівах захоўваюцца ўспаміны М.В.Жарава, У.С.Свярдлова — былых вязняў Крынкаўскага лагера зняволення, створанага на месцы былога санаторыя; копіі допытаў паліцэйскіх з вёсак Дараганава і Крынкі. За апошні перыяд фонды музея папоўніліся ўспамінамі 14 сведкаў падзей Вялікай Айчыннай вайны. Займаюць належнае месца творчыя, пошукавыя і навукова-даследчыя работы вучняў. Асобна выдзелена экспазіцыя пра праведнікаў свету, ёсць медаль і граматы Лідзіі і Міхаіла Міхадзюкоў і Фёдара Мятліцкага, якія выратавалі ў вайну мясцовых жыхароў Ларысу Стоцкую з сястрой Вольгай. Пастаянна папаўняецца фонд з ваеннай амуніцыяй, рэшткамі зброі часоў вайны.
— Наш музей — візітоўка дараганаўскага краю, — гаворыць Жанна Караленя. — Сёлета ён заняў першае месца ў раёне сярод музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі. Ёсць і свой сайт, дзе змешчана шмат цікавай інфармацыі. Пошукавая работа не спыняецца. У Цэнтральны архіў Мінабароны Расіі, што ў Падольску, накіраваны запыт па земляку з Радуціч Кузьме Ерко, які быў удзельнікам скідвання з самалёта Сцяга Перамогі на Рэйхстаг 1 мая 1945 года. Пяты год вядзецца вышук невядомага лётчыка, які пахаваны ў Мязовічах. Чакаем з архіва і фота камандзіра партызанскай брыгады імя Катоўскага № 161 Андрэя Сямёнавіча Шашуры.
Каштоўная знаходка
Такой лічацца дакументы са знойдзенага ў 2009 годзе асіповіцкім пошукавікам Андрэем Зайцавым ваеннага архіва 214 паветрана-дэсантнай брыгады. Сейф з дакументамі знаходзіўся ў былым засыпаным калодзежы ў раёне Брыцалавіч. Знаходка аказалася адзінай у сваім родзе за апошнія 25 гадоў на тэрыторыі Беларусі. Чаму дакументы з сейфа 214 ПДБ маці Андрэя Вера Адамаўна Зайцава вырашыла перадаць у Дараганава? Лічаць тут, за вялікую пошукавую работу, вынікам якой сталі знойдзеныя рэшткі 12 чырвонаармейцаў і партызан, за праведзенае ўрачыстае іх перазахаванне.
І яшчэ дэталь. У адным з пісьмаў ветэранаў вайны, якое захоўвалася ў архіве Ленінскага музея былой Дараганаўскай санаторна-лясной школы, называлася кніга “В бой уходили десантники” аўтараў І.І. Громава і В.Н.Пігунова. Яе ўдалося знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. На 183 старонцы апісаны бой дэсантнікаў з 214 ПДБ за станцыю Дараганава, якім камандаваў ад’ютант Павел Дараганаў. У тым баі 7 ліпеня 1941 года было забіта 17 варожых салдат і выведзена са строю 2 аўтадрызіны. І сімвалічна, што дакументы гэтай брыгады атрымалі вечную прыпіску ў Дараганаве.
Перад вамі — шашка кавалерыйская
для каманднага і начальніцкага складу Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі ўзору 1927 года з цемляком. Перададзена Верай Зайцавай тры гады таму. Шашка знойдзена ў лясах каля Карытнага на месцы баёў кавалерыстаў з 1-га коннага рэйду пад камандаваннем А.І.Бацкалевіча.
Пасля праведзеных пошукавых экспедыцый фонды папоўніліся яшчэ экспанатамі: драўляна-металічнай асновай кавалерыйскага сядла з урочышча Буцін; падковамі і часткамі кавалерыйскай збруі; фотаздымкам пачатку 40-х гадоў кавалерыста Паўла Восіпавіча Васкабойнікава, які пахаваны ў брацкай магіле каля мясцовай школы.
Рама ад нямецкага самалёта
З’явілася яна ў музеі не так даўно. Нават цяжка здагадацца, што гэта за прылада. Як і ў кожнага экспаната, у прадмета свая гісторыя. У 1944 годзе на тэрыторыі Дараганаўшчыны быў паветраны бой. Немцы збілі савецкі самалёт, а свой пасадзілі недалёка ад вёскі Паўлаўка, што на мяжы са Старадарожскім раёнам. Партызаны не пакінулі ў жывых фашыстаў — непадалёк ад Фалічаў расстралялі. Мясцовае насельніцтва знайшло прымяненне таму самалёту: сталь пайшла на выраб вёдзер, лыжак і іншага, раму ж зацягнулі на дрэва і зрабілі буслянку. А калі буслы перасталі там сяліцца, то вырашылі аддаць яе ў музей. Ініцыятыва належыць пляменніку Віктара Чыжыка — Аляксандру Гарбачу.
Песеннік
Экспанат трапіў у музей дзякуючы былой медсястры Дараганаўскай санаторна-лясной школы Валянціне Шахінай, а належыць Надзеі Нанілінай, ураджэнцы Карэліі. Яна з 1938 па 1959 год запісвала ў сшытак песні, у тым ліку і ваеннага часу. Ёсць там і патрыятычная “Кацюша“, але з іншым зместам:
Про того, кого она невольно Полюбила, точно жизнь свою, Про того, кто нынче под Кексгольмом Защищает родину свою. Финских елей снежные вершины, Дым, огонь и орудийный гром. Он, водитель боевой машины, Сквозь леса несется напролом.Карта Бранскай і Варонежскай абласцей
Выдадзена гітлераўцамі ў 1943 годзе. Невядома, як апынулася на гарышчы аднаго з дамоў у Крынцы. Знайшлі яе выпадкова: Рыгор Шумін купіў домік пад дачу і, калі разбіраў яго, каб перавезці ў Каўгары, карта і трапіла на вочы. Знаходку перадаў у музей.
Асабістая лётная кніжка
Да пэўнага часу захоўвалася ў Зінаіды Данілаўны Камісаравай, сястры падпалкоўніка Сяргея Комліка — ураджэнца Дараганава, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, лётчыка 2-й гвардзейскай Севастопальска-Берлінскай дывізіі. Першы запіс у дакуменце зроблены ў 1939 годзе, апошні — у сорак сёмым. А паміж імі — палёты. Спачатку — вучэбныя, затым — баявыя. І — гарады: Арол, Бранск, Гомель, Львоў, Севастопаль, Брэст, Мінск, Кішынёў, Выбарг, Бабруйск, Будапешт, Брэслау, Штутгарт, Кёнігсберг, Данцыг. Апошні бой — 25 красавіка 1945 года: бамбіў Берлін. Пасля вайны лятаў на цяжкіх бамбардзіроўшчыках. Жыў у Кіеве, пахаваны на малой радзіме.
Ніна ВІКТОРЧЫК.